БЕЛ Ł РУС

Галоўнага судмедэксперта Мазыра асудзілі па справе Гаюна

7.02.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Іван Качайла амаль 20 гадоў працаваў у аддзеле судова-медыцынскіх экспертыз у Мазыры. Цяпер яго адправілі на хімію.

Іван Качайла. Фота з ягонай старонкі ў фэйсбуку

Івану Качайлу 50 гадоў. Ён родам з Жыткавічаў. Пасля школы скончыў Гомельскі медуніверсітэт.

З 2005 года Качайла працаваў у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, дзе дарос да пасады начальніка аддзела медыцынскіх экспертыз Мазырскага міжраённага аддзела. Гэтую пасаду ён пакінуў у студзені 2024 года, пасля чаго ўладкаваўся ў Гомельскае абласное паталагічнае бюро.

У 2013 годзе ў размове з журналістамі Качайла расказваў, што ў яго працы «няма сэнсу дзеля імгненнай выгады ісці на здзелку з сумленнем». «Злыя і дурныя людзі нідзе не патрэбныя, а ў нас яны асабліва не да месца», — казаў тады Качайла. Ён лічыць, што галоўнае ў жыцці — укладацца ў сям'ю і берагчы здароўе. 

Іван Качайла з калегамі. Іван — крайні з правага боку. Фота: mazyr.by

Івана Качайлу асудзілі напрыканцы 2025 года. Яго прызналі вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Імаверна, прысуд звязаны са справай Гаюна.

Івану прысудзілі чатыры гады хіміі. Ён ужо пачаў адбываць пакаранне.

Чытайце таксама:

Дэсантніка, якога прызнавалі найлепшым камандзірам узвода спецназа, асудзілі па палітычнай крыміналцы

Вайскоўца з роты ганаровай варты, які пасля працаваў у ахове дыппрадстаўніцтваў, асудзілі за палітыку

Удзельнічаў у парадзе, а цяпер экстрэміст. За палітыку асудзілі мазырчука

Каментары да артыкула