Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль
Тыдзень таму ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі ў Валожыне правялі старажытны яўрэйскі абрад падпісання шлюбнай дамовы — ктубы. Удзельнікамі стала пара з Мінска Эяль і Абігаль. Аказалася, што нявеста — тая самая Асоль Слівец, маці пецярых дзяцей.
У 2024 годзе ў Валожыне пасля маштабнай рэканструкцыі быў адкрыты ешыбот (ешыва). Сёлета ў студзені тут адбыўся старажытны яўрэйскі абрад падпісання ктубы, або шлюбнай дамовы, які з’яўляецца адной з найважнейшых частак вясельнай цырымоніі.
На падпісанне ў Валожын прыехала пара з Мінска — Эяль і Абігаль, шматдзетныя бацькі, саюз якіх быў афіцыйна зарэгістраваны дзяржавай. Аднак да моманту падпісання шлюбнай дамовы як факта ўсведамлення духоўнай роднасці спатрэбіліся гады.
Фанаты фрыстайла пазналі ў нявесце Абігаль вядомую фрыстайлістку Асоль Слівец.
Асоль неаднаразова прадстаўляла Беларусь на Алімпійскіх гульнях. У 2002 годзе Слівец заняла трынаццатае месца, у 2006‑м — пятае, а ў 2010‑м — чацвёртае.
У 2011 фрыстайлістка вырашыла прадстаўляць на міжнародных стартах ужо іншую краіну. Асоль разам з братам Цімафеем перабралася жыць і працаваць у Сочы, стала грамадзянкай Расіі. У складзе расійскай каманды яна выступала да 2014 года. Тады на апошняй сваёй Алімпіядзе Асоль заняла дванаццатае месца.
Скончыўшы спартыўную кар'еру, фрыстайлістка вярнулася ў Беларусь і пачала працаваць як трэнерка.
Шмат гадоў Асоль пражыла ў шлюбе з Сяргеем Мініным, галоўным трэнерам нацыянальнай каманды па канькабежным спорце. У пары нарадзілася тры сыны, яшчэ адну дзяўчынку яны ўзялі з дзіцячага дома.
У інтэрв'ю спартсменка не раз дзялілася сакрэтамі свайго сямейнага шчасця — распавядала, як будаваць адносіны з мужам і выхоўваць чацвярых дзяцей.
Асоль Слівец з дзецьмі. Фота: сацсеткі
У 2023 годзе «Трыбуна» даведалася, што знакамітая спартсменка падала ў суд Маскоўскага раёна Мінска, каб спагнаць аліменты на ўтрыманне дзяцей з Сяргея Мініна.
Асоль Слівец з першым мужам Сяргеем Мініным і іх дзецьмі. Фота: «Камсамольская праўда»
У лютым 2025 года Асоль яшчэ раз стала маці — яна нарадзіла сына, і цяпер у яе сям'і пяцёра дзяцей (старэйшаму сыну ўжо 17 гадоў).
Новага мужа завуць Аляксандр (ці Эяль).
Асоль Слівец з дзецьмі і новым мужам Аляксандрам. Фота: сацсеткі