Пратасевіч адказаў, як праца ў КДБ дапамагае на тэлебачанні
Расійскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС спытала Рамана Пратасевіча пра яго цяперашнюю працу на прапагандысцкім СТБ і як яго вопыт працы ў КДБ дапамагае на тэлебачанні.
Пратасевіч адказаў, што праца ў КДБ — адзін з тых фактараў, якія дадаткова прыцягваюць увагу гледачоў.
«Таму што гэта азначае і праверку часам, і дакладнасць інфармацыі, якую я падаю», — мяркуе ён.
Пратасевіч кажа, што пакуль дапрацоўвае свой стыль. «Усё ж такі я яшчэ дапрацоўваю свой стыль, стыль сваёй праграмы ў нейкіх словах, у нейкіх фразах, у нейкіх выказваннях, [стараюся] прывесці да нейкага агульнага выгляду. Мне здаецца, у мяне гэта ў цэлым атрымліваецца», — гаворыць ён.
Пратасевіч не выключыў, што з часам будзе ўдзельнічаць у афлайн-мерапрыемствах. «Магчыма, што я буду спрабаваць рабіць, хоць і ў межах тэлебачання, але нейкія спецпраекты, якія больш выходзяць за межы маёй праграмы, калі гэта будзе неабходна. Асабліва калі гэта будуць сур'ёзныя пытанні, якія ў мяне будзе магчымасць у тым ліку дзякуючы майму мінуламу асвятліць дадаткова», — сказаў ён, адзначыўшы што такім чынам спадзяецца «спрыяць пытанням нацыянальнай бяспекі».
У 2023 годзе Раман Пратасевіч, праз якога ў Мінску прымусова пасадзілі самалёт, які ляцеў у Вільню, быў асуджаны да васьмі гадоў калоніі за экстрэмісцкую дзейнасць, але неўзабаве быў памілаваны. Лукашэнка ў 2025 годзе нечакана заявіў, што Пратасевіч даўно працаваў пад прыкрыццём у разведцы.
Чытайце таксама:
Што вядома пра затрыманых радыёаматараў, якім пагражае аж да расстрэлу
Агент беларускай разведкі прызнаўся, што мінулы год быў «проста п**дзяцовым»
Пачобут не стаў размаўляць з шасцёркамі — ні з Пратасевічам, ні з Васкрасенскім