Аляксандр Фядута расказаў пра рэакцыю Лукашэнкі на кнігу пра сябе
«Рэзалюцыю ён паклаў такую, якую я напярэдадні чытаў у справах аднаго з дзекабрыстаў 1825 года».
У 2005 годзе былы паплечнік Лукашэнкі Аляксандр Фядута выдаў яго палітычную біяграфію. У выпуску праграмы ТОК аўтар згадвае, што кніга выйшла ў Маскве, а ў Мінску набыць яе было немагчыма. Фядута сам займаўся распаўсюдам свайго твора.
Адзін асобнік ён вырашыў падарыць свайму «старэйшаму сябру, які працаваў у вельмі ўплывовай дзяржаўнай газеце». Паліттэхнолаг і пісьменнік згадвае гэты эпізод так:
«Патэлефанаваў яму і сказаў, што хачу прывезці кніжку ў падарунак. Ён сказаў: «Ведаю-ведаю, вязі! Толькі чаму для мяне аднаго?». Ну, я прывёз пачак кніг. Ён падзякаваў, спытаўся: «А герою кніжку не хочаш падарыць?» Я кажу: «Хачу, я нават подпіс прыдумаў».
На пытанне сябра пра тое, якім будзе гэты подпіс, Фядута адказаў:
«Надпіс будзе такі: «Герою кнігі ад яго аўтара». Ён паглядзеў на мяне і сказаў: «Фядута, ну ты не жартуй так, забываешся».
У выніку пісьменнік перадаў кнігу для Лукашэнкі, але без аніякага подпісу. На наступны дзень сябар-рэдактар патэлефанаваў зноў і папрасіў прывезці яшчэ адзін пачак кніг. На пытанне «навошта?», той патлумачыў:
«Разумееш, усе бачылі, што я кніжку яму прынёс, перадаў. Ну а зараз трэба, калі ён спытаецца ў кагосьці з бліжэйшага атачэння, чытаў ці не, каб людзі маглі сказаць, што чыталі. Каб не бегалі, не шукалі, дзе набыць».
Пісьменнік выканаў і гэтую просьбу. А праз некаторы час, ідучы па цэнтры сталіцы, выпадкова сустрэў знаёмага, які ў той час працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта. Фядута апісвае гэтую сустрэчу:
«Ідзём, маўчым. Пасля ён кажа: «Чытаў, чытаў». Я кажу: «Ну і што, дзе кніжку набылі?». Ён кажа: «А кіраўніцтва дало». — «А навошта?» — «А паглядзець, ці ёсць там за што завесці крымінальную справу».
На пытанне Фядуты пра вынікі гэтай праверкі суразмоўца адказаў:
«Па двух-трох момантах можна».
«Дык чаму не завялі?», — перапытаў Фядута.
Адказ чыноўніка на пытанне, якую менавіта рэзалюцыю паставіў Лукашэнка, вельмі рассмяшыў аўтара:
«Рэзалюцыю Аляксандр Рыгоравіч паклаў такую, якую я напярэдадні чытаў у справах аднаго з дзекабрыстаў 1825 года: «Оставить без последствий». Я чытаў гэты рукапісны аўтограф імператара Мікалая Першага. І вось мне ў той час таксама ўсё пакінулі без наступстваў».
На пытанне, ці сапраўды ў пэўным сэнсе Фядута адчуваў сябе «аўтарам Лукашэнкі», паліттэхнолаг адказаў: «Я разумею, што гэта было нахабства з майго боку». У якасці паралелі ён прыгадаў эпізод з удзелам іншага паплечніка па выбарчай кампаніі 1994 года — дэпутата Дзмітрыя Булахава.
Калі на адной з прэс-канферэнцый у адрас Булахава прагучала заўвага: «Ну дык вы ж стварылі гэтага чалавека», — той адказаў: «Прырода-маці яго сатварыла з усімі флюідамі».
«Таму я таксама не бяру на сябе адказнасці», — рэзюмаваў Аляксандр Фядута.
Чытайце таксама:
Фядута расказаў пра агледзіны Някляева ў 2010 годзе
Фядута расказаў, як аднойчы ў калоніі яго вялі на «расстрэл». А аказалася, на сустрэчу з Марзалюком