Прэзерватываў, назапашаных для спартсменаў на Алімпіядзе ў Італіі, хапіла на тры дні
У Алімпійскай вёсцы ў Карціна-д’Ампеца хутка скончыліся бясплатныя сродкі кантрацэпцыі, прызначаныя для спартсменаў. Паводле інфармацыі СМІ, каля 10 тысяч прэзерватываў, падрыхтаваных арганізатарамі, разабралі ўжо праз тры дні пасля старту гульняў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Выданне La Stampa паведамляе, што запасы былі вычарпаныя вельмі хутка. Адзін з атлетаў ананімна адзначыў, што абяцалі давезці новую партыю, але калі гэта адбудзецца — невядома.
Для параўнання: на летніх Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы было падрыхтавана каля 300 тысяч такіх сродкаў.
Раней кіраўніца камісіі спартсменаў Міжнароднага алімпійскага камітэта Эма Тэрха паведаміла, што ўдзельнікі гульняў у Італіі атрымаюць падарункі: смартфоны абмежаванай серыі, сертыфікат на 500 даляраў на жыллё, а таксама бясплатны набор падгузнікаў для тых, хто мае маленькіх дзяцей.
Зімовыя Алімпійскія гульні 2026 года праходзяць на поўначы Італіі — у Мілане і Карціна-д’Ампеца, а частка спаборніцтваў арганізавана ў Вальтэліне і Валь-дзі-Ф’еме. Цырымонія адкрыцця адбылася 6 лютага, а закрыццё запланавана на 22 лютага. Усяго разыгрываюцца 116 камплектаў узнагарод у 16 відах спорту.
Беларускія спартсмены ўдзельнічаюць у гульнях на тых жа ўмовах, што і ў Парыжы ў 2024 годзе: 7 спартсменак дапушчаныя да спаборніцтваў у нейтральным статусе і толькі ў індывідуальных дысцыплінах.
Чытайце таксама:
Стурла Хольм Легрэйд выбачыўся перад былой дзяўчынай за аповед пра здраду
Ёханэс Клэба выйграў восьмы залаты медаль. Ён стаў разам з вялікімі
Украінскі скелетаніст Гераскевіч пракаментаваў сітуацыю са сваёй дыскваліфікацыяй на Алімпіядзе