Галоўны трэнер зборнай Фінляндыі па скачках з трампліна перабраў на Алімпіядзе з алкаголем
Галоўнага трэнера зборнай Фінляндыі па скачках з трампліна Ігара Медведа датэрмінова адправілі дадому з зімовых Алімпійскіх гульняў у Мілане і Карціна-д'Ампеца праз парушэнне ім правіл адносна алкаголю, паведамляе Yle.fi.
Ігар Медвед. Фота: Roni Rekomaa / Lehtikuva
Са слоў кіраўніка фінскай алімпійскай каманды Янэ Ханінена, здарэнне, якое стала прычынай такога рашэння, адбылося не падчас выканання Медведам сваіх абавязкаў, таму дэталі інцыдэнту не раскрываюцца.
Сам Ігар Медвед у афіцыйнай заяве прызнаў сваю віну, выказаў шкадаванне і заявіў, што «не ганарыцца сабой». Ён папрасіў прабачэння ў спартсменаў, трэнераў і заўзятараў фінскай зборнай, адзначыўшы, што хоча, каб каманда магла засяродзіцца на спаборніцтвах і працягваць сваю працу.
Медвед расказаў, што інцыдэнт адбыўся 10 лютага ў горадзе Прадаца пасля таго, як зборная Славеніі па скачках з трампліна заваявала залаты медаль у змяшаных камандных спаборніцтвах. Сам Ігар Медвед — славенец, а таму для яго гэтая перамога не была чужой. Трэнер патлумачыў:
«Пасля спаборніцтваў мяне запрасілі на святкаванне залатога медаля Славеніі. Я нічога не еў, і алкаголь зрабіў сваю справу».
Медвед падкрэсліў, што, нягледзячы на свой учынак, ён ганарыцца сваёй камандай і працай, праведзенай у Фінляндыі за апошнія два гады. Таксама адзначыў, што хоча дазволіць спартсменам спакойна працаваць і мінімізаваць шкоду, якую ён нанёс.
Ігару Медведу 44 гады, ён былы славенскі скакун з трампліна, а галоўным трэнерам зборнай Фінляндыі працуе з 2024 года.
Пасля шасці дзён спаборніцтваў на Алімпіядзе ў скачках з трампліна разыграныя ўжо тры з шасці камплектаў медалёў, і фінскія «лятучыя лыжнікі», у адрозненне ад славенскіх, пакуль не заваявалі ніводнай узнагароды. У тых злашчасных для Медведа змяшаных камандных спаборніцтвах фіны засталіся на 6‑й пазіцыі з 12‑ці камандаў, а ў індывідуальных спаборніцтвах найлепшы пакуль вынік — 14‑е месца Вільха Паласаары ў мужчынскіх скачках з нармальнага трампліна.
Чытайце таксама:
Прэзерватываў, назапашаных для спартсменаў на Алімпіядзе ў Італіі, хапіла на тры дні
Стурла Хольм Легрэйд выбачыўся перад былой дзяўчынай за аповед пра здраду