БЕЛ Ł РУС

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

18.02.2026 / 19:27

Аўгіння Якімук

Іронія лёсу ў тым, што летась спявак Раман Юркоў атрымаў ад Лукашэнкі ліст падзякі за падтрымку яго кандыдатуры на апошніх выбарах. А ўжо праз месяц артыста затрымалі сілавікі — бо знайшлі каментары, якія артыст пісаў у 2020 годзе.

Раман Юркоў. Тут і далей фота з сацсетак

Пра Юркова распавялі сёстры Груздзевы ў сацсетках.

Пра Рамана Юркова артысткі раней пісалі з цеплынёй. Казалі, што ім пасля 2020 года было складана знайсці студыю, дзе яны маглі б запісваць свае песні.

Маўляў, людзі, калі чулі, што тэлефануюць тыя самыя ябацькі-Груздзевы, проста кідалі слухаўку.

І вось у 2022 годзе спявачкі пазнаёміліся з Раманам, з якім не проста пачалі працаваць, але і пасябравалі. Той стаў аранжыроўшчыкам Груздзевых.

Груздзева і Юркоў

Груздзевы часам сварыліся з Раманам праз нейкія прафесійныя пытанні. Але сцвярджаюць, што шмат размаўлялі з артыстам на розныя тэмы і іх погляды на жыццё заўсёды супадалі: «У 2023 годзе закранулі тэму вайны. «А калі, не дай Бог, у нас нешта здарыцца, што ты будзеш рабіць? — спыталі мы. — З’едзеш за мяжу?». І Рома адказаў, паглядзеўшы доўга ў вочы: «Я пайду бараніць сваю краіну з аўтаматам, гэта мой абавязак, як кожнага мужчыны».

Дарэчы, кар’ера спевака ішла ўгору. Ён засвяціўся на шоу БТ «Фактар.бай», зганяў у Маскву на шоу Андрэя Малахава, актыўна выступаў на розных праўладных мерапрыемствах. У сацсетках Раман выхваляўся дыпломамі ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ды ад «Белай Русі».

Напрыканцы 2024 года Раман удзельнічаў у канцэрце фіналу «Марафону адзінства» на «Мінск-Арэне».

Летась у студзені Юркоў атрымаў ліст ад Лукашэнкі — той дзякаваў за падтрымку яго кандыдатуры на апошніх выбарах.

Здавалася, далей чакаюць толькі паходы па шоу на дзяржаўным тэлебачанні ды чос па прапагандысцкіх мерапрыемствах. Але нешта пайшло не па плане.

У сацсетках Груздзевы расказалі (не называючы імя Рамана), што сустрэліся з ім 18 сакавіка 2025 года. Кажуць, што шмат размаўлялі ў той дзень, ён паказваў падзяку ад Лукашэнкі.

— Ведаеце, ён быў такі натхнёны, расказвае пра свае планы… Але кажа пра тое, што ў 2020 годзе ў яго былі нейкія каментары…

На наступны дзень пасля размовы з Груздзевымі дамоў да Рамана прыйшлі сілавікі і затрымалі за тыя самыя каментары. Рамана абвінавацілі па 130 артыкуле Крымінальнага кодэксу («Распальванне варожасці»).

Груздзевы пачалі змагацца за сябра. Судзілі Рамана ў верасні 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе. Пасяджэнняў было некалькі, Валянціна з Аляксандрай хадзілі на іх — з сабой для дапамогі бралі фотаздымак Вольфа Месінга і ікону.

— У судзе мы выступілі вельмі эмацыянальна. Сказалі, што, так, былі каментары, але зараз мы размаўлялі з гэтым чалавекам і ведаем, што ён цалкам за краіну, ён наш, ён сваімі ўчынкамі гэта даказвае. І што калі трэба, калі яму будзе пагражаць тэрмін, мы гатовы запісаць відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі і папрасіць яго памілаваць.

Урэшце Юркову прысудзілі хатнюю хімію. У канцы 2025 года, калі прысуд набыў законную моц, КДБ уключыў спевака ў спіс тэрарыстаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула