БЕЛ Ł РУС

«Абураюцца толькі беларусы». Большая частка 100‑тысячнага польскага горада ў маразы засталася без ацяплення

18.02.2026 / 22:12

Nashaniva.com

Жыхары польскага горада Улацлавэк у Куяўска-Паморскім ваяводстве засталіся без ацяплення і гарачай вады з-за аварыі на цепласетцы. Па паведамленнях гарадскіх уладаў, без цяпла аказалася прыкладна палова насельніцтва, ці 50 тысяч чалавек, а па плошчы аварыя закранула 60% Улацлаўка. У школах адмянілі заняткі, дзіцячыя садкі просяць бацькоў не прыводзіць дзяцей. Сям’я беларуса Сяргея жыве ў горадзе ўжо год. Ён расказаў выданню Most, што адбываецца ва Улацлаўку.

Адна з вуліц Улацлаўка. Здымак ілюстрацыйны. Фота: kujawy.info

Пра праблемы стала вядома ў панядзелак, 16 лютага. Мэрыя горада паведаміла, што прычынай аварыі стаў разрыў трубы дыяметрам 600 мм — пашкоджанне знайшлі ў няўдалым месцы, прыкладна за 300‑400 метраў ад гарадской цепластанцыі. Энергасістэма пачала працаваць у аварыйным рэжыме, жыхароў папярэдзілі пра зніжэнне тэмпературы ў дамах, папрасілі без патрэбы не адчыняць вокны, закрыць ралеты і жалюзі, каб зменшыць цепластраты.

18 лютага гарадскія ўлады паведамілі, што ацяпленне вярнулі ў шэраг раёнаў.

«Рапарты мясцовых камунальнікаў былі бадзёрыя»

Сям’я Сяргея жыве ў Польшчы, апошні год — ва Улацлаўку. З падобнай аварыяй ён сутыкаецца ўпершыню.

«У панядзелак (16 лютага. — Заўв. Most) у сярэдзіне дня мы заўважылі, што знікла ацяпленне. Увечары нам напісалі са школы, што заняткаў заўтра не будзе. Садок таксама папрасіў дзяцей не прыводзіць. Аўторак быў вясёлым днём: мы працавалі разам з дзецьмі, — расказвае ён. —

Рапарты мясцовых камунальнікаў былі бадзёрыя — што апоўначы яны знайшлі месца аварыі, цэлую ноч нешта там рыхтавалі і з пяці гадзін ранку яны працуюць над ліквідацыяй наступстваў. Абяцалі гэта скончыць учора надвячоркам. Але і ўвечары мы атрымалі аналагічнае паведамленне, што ў школе зноў не будзе заняткаў і садок просіць не прыводзіць дзяцей. Дзеці радыя, натуральна, а бацькі — не надта».

Сяргей кажа, што дом, дзе ён жыве, цёплы, таму зараз тэмпература ў кватэры складае плюс 19 градусаў. Але паступова становіцца менш камфортна.

«Жонка ўжо надзела другую кофту, — кажа ён. — Камунікаты бадзёрыя. [Маўляў], усё добра, усё пад кантролем. Хутка ўсё будзе зроблена, а гэта [аварыя] нібы невялічкая прыкрасць».

Бацькоў турбуе таксама, што дзеці застаюцца дома — з малымі складана працаваць. Старэйшая дзяўчынка — школьніца, а шасцігадовы сын звычайна наведвае садок.

«Дачка можа спакойна пасядзець, а сын — не, ён жа футбаліст, яму трэба варушыцца».

Сяргея здзівіла, што мясцовыя жыхары даволі спакойна паставіліся да сітуацыі.

«Абураюцца толькі беларусы, палякі моўчкі трываюць. Калі з садка пішуць, што просяць дзяцей не прыводзіць, я выказваю абурэнне. А палякі пішуць: «Добра, Зося застанецца дома».

Чытайце таксама:

У Смалявічах тры тыдні б'е гарачы гейзер

Клецк застаўся без вады. Не вытрымалі 50‑гадовыя трубы 

Мінэнерга: Людзі павінны з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах

Яшчэ ў адным горадзе адбылася аварыя на цеплатрасе, дзясяткі дамоў засталіся без ацяплення

З-за аварыі на цеплатрасе ў Мінску заўважылі марозны смог. Ці небяспечны ён?

Каментары да артыкула