БЕЛ Ł РУС

«Беларусь нельга страчваць для Еўропы, але гэту асобу страціць дакладна варта». Зяленскі патлумачыў, чаму ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі

18.02.2026 / 23:59

Nashaniva.com

Палову свайго традыцыйнага вечаровага звароту прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 18 лютага прысвяціў тлумачэнню, чаму ён увёў санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і чаму гэта адбылося менавіта цяпер.

Уладзімір Зяленскі. Фота: Sean Gallup / Getty Images

«Мы адказваем такім рашэннем на відавочна большае ўцягванне Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны. Лукашэнка прызвычаіўся гандляваць суверэнітэтам сваёй дзяржавы і здаў шмат інтарэсаў Беларусі. Здаў расіянам. Нават паўнамаштабную вайну Расія прынесла ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі — гэта факт.

Але на працягу доўгага часу Лукашэнка ўсё ж такі ўстрымліваўся ад прамых жорсткіх дзеянняў на карысць Расіі.

Аднак з восені мінулага года Украіна фіксуе на тэрыторыі Беларусі рэтранслятары, якія працуюць на падтрымку ўдарных дронаў.

Менавіта дзякуючы гэтым рэтранслятарам Расія здзяйсняла ўдары па нашых паўночных рэгіёнах — ад Кіева і Кіеўскай вобласці да Валынскай вобласці. Гэта былі ўдары па энергетыцы, па нашай чыгунцы. 

Таксама, на жаль, Лукашэнка працягвае падыгрываць Пуціну ў ягонай небяспечнай палітычнай гульні з «Арэшнікам». Гэта агульнаеўрапейская пагроза. Таксама Беларусь і надалей выкарыстоўваюць як базу забеспячэння кампанентаў, абсталявання, тэхнікі для расійскай арміі.

Па сукупнасці ўсяго гэтага мы таксама мяняем палітыку і будзем адказваць адэкватна пагрозе. У Мінску павінны гэта разумець. Ёсць гэты палітычны сігнал з санкцыямі.

Я даручыў таксама ўважліва вывучыць усе схемы Лукашэнкі і яго паплечнікаў.

Мы будзем супрацьдзейнічаць больш адчувальна і будзем працаваць з нашымі партнёрамі ў рэгіёне і ўсёй Еўропе, а таксама з глабальнымі партнёрамі, каб яны цалкам усведамлялі, з чым маюць справу, калі гаворка вядзецца пра рэжым у Беларусі.

Беларусь — краіну, людзей, народ, — нельга страчваць для Еўропы, але гэтую асобу, якая ставіць Беларусь на службу Расіі, дакладна варта страчваць», — заявіў прэзідэнт Украіны.

Чытайце таксама:

Чаму Украіна ідзе на абвастрэнне адносін з Лукашэнкам? Запыталі ў Ігара Кізіма

Ціханоўская вітала ўвядзенне Зяленскім санкцый супраць Лукашэнкі

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі

Каментары да артыкула