Краіны ЕС пакуль не змаглі ўзгадніць змест 20‑га пакета санкцый супраць Расіі
20 лютага Камітэт пастаянных прадстаўнікоў ЕС не дасягнуў дамоўленасці адносна новага санкцыйнага пакета, які планавалі зацвердзіць 23 лютага — да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Пра гэта паведамілі некаторыя еўрапейскія дыпламаты выданню «Еўрапейская праўда» на ўмовах ананімнасці.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Thierry Monasse/Getty Images
Асноўная спрэчка ўзнікла вакол прапановы цалкам забараніць аказанне марскіх паслуг расійскім танкерам, што перавозяць нафту ўздоўж еўрапейскага ўзбярэжжа. Ідзе гаворка пра забарону на выкарыстанне партоў, страхаванне, пастаўкі харчавання, бункероўку і іншыя паслугі з боку еўрапейскіх кампаній. Супраць гэтай меры выказаліся перадусім марскія дзяржавы — Грэцыя і Мальта.
Паводле інфармацыі ад дыпламатаў, магчымыя два варыянты: або спрэчную забарону вынесуць за межы 20‑га пакета, або само яго прыняцце адкладуць. Некаторыя краіны лічаць, што важней ухваліць больш змястоўны і жорсткі пакет, нават калі гэта зойме больш часу.
Дадатковы супраціў выклікала прапанова Еўракамісіі ўключыць у санкцыйны спіс замежныя парты і банкі, праз якія Расія прадае нафту. Пярэчанні выказалі Венгрыя, Іспанія і Італія. Таксама паведамлялася, што Венгрыя можа затрымаць узгадненне з-за абмежаванняў у дачыненні да расійскіх спартыўных чыноўнікаў.
Наступнае пасяджэнне Камітэта пастаянных прадстаўнікоў ЕС прызначана на 25 лютага, аднак не выключана, што паслы ЕС могуць сабрацца датэрмінова, каб усё ж падрыхтаваць пакет для зацвярджэння міністрамі замежных спраў 23 лютага. У той жа час кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас заявіла, што ЕС па-ранейшаму разлічвае ўхваліць 20‑ы пакет санкцый у запланаваныя тэрміны.
Чытайце таксама:
Літва анансавала пашырэнне санкцый у 20‑м пакеце
Еўрасаюз хоча ўвесці санкцыі супраць порта ў Грузіі
Еўрасаюз абмяркоўвае поўную забарону марскіх перавозак расійскай нафты
Еўрасаюз збіраецца ўвесці санкцыі супраць Кыргызстана за дапамогу Расіі