На наступным тыдні чакаць вясны яшчэ не варта
Сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры АНТ паведаміў, што з 23 лютага па 1 сакавіка ў краіне захаваецца няўстойлівае надвор’е, а да сапраўднай метэаралагічнай вясны яшчэ далёка. Выпаданне снегу рознай інтэнсіўнасці пакуль Беларусь не пакіне.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
У панядзелак амаль па ўсёй тэрыторыі краіны чакаецца снег — месцамі ўмераны або моцны. Магчымыя туманы і галалёдзіца на дарогах. Ноччу тэмпература будзе ад +1 да —7 градусаў, удзень — ад +5 на Брэстчыне да —3 у Віцебскай вобласці.
У аўторак прагназуецца воблачнае надвор’е з праясненнямі, кароткачасовы снег і мокры снег. Захаваецца верагоднасць туману і галалёдзіцы. Ноччу ад —4 да +2, удзень месцамі паветра прагрэецца да +5.
У сераду ў Беларусь паступіць вільготнае паветра з Заходняй Еўропы, якое прынясе снег і мокры снег. Ноччу ад —7 да +1, удзень — ад —3 да +5 градусаў.
У чацвер істотных ападкаў у большасці раёнаў не чакаецца, толькі на поўначы магчымыя снег і туман. Ноччу ад —3 да +3, а ўдзень па захадзе Брэсцкай і Гродзенскай абласцей тэмпература можа дасягнуць нават +12 градусаў.
У пятніцу захаваецца адносна цёплае надвор’е: ад +2 на ўсходзе да +10 у Брэсцкай вобласці. Ноччу магчымыя туманы, тэмпература — ад —1 да +3.
У суботу прагназуюцца ападкі ў выглядзе дажджу і снегу. Ноччу ад 0 да +6, удзень — ад +3 да +10, цяплей будзе на поўдні краіны.
У нядзелю, 1 сакавіка, пачнецца каляндарная вясна, але надвор’е застанецца няўстойлівым. Чакаюцца ападкі, уначы і раніцай магчымы туман з бачнасцю да паўкіламетра. Ноччу ад 0 да +5, удзень — ад +2 да +8 градусаў.
Чытайце таксама:
Сёлета беларусаў ужо два разы ўкусілі кляшчы
У Заслаўі тратуары ператварыліся ў коўзанку. Камунальнікі разводзяць рукамі