У Магілёўскім заасадзе прачнуўся мядзведзь Федзя. Значыць, вясна ўжо блізка
20 лютага 2026 года ў Магілёўскім заасадзе пасля паўтара месяца зімовай спячкі прачнуўся буры мядзведзь Федзя, якога мясцовыя жыхары называюць «сіноптыкам». Супрацоўнікі заасада ўжо каля дзесяці гадоў назіраюць за яго паводзінамі і сцвярджаюць, што ён ні разу не памыліўся з «прагнозам» вясны, паведамляе тэлеканал СТБ.
Сёлета Федзя пайшоў у спячку 10 студзеня пасля моцнага снегападу, а падчас першай адлігі выйшаў з бярлогу. Праўда, цяпер ён яшчэ ўсё адно крыху сонны.
Паводле супрацоўнікаў заасада, за дзесяць гадоў Федзя ні разу не «памыліўся»: калі прачынаецца — значыць, хутка пацяплее. Часта яго абуджэнне супадае з Масленіцай.
Пасля доўгага сну мядзведзь мае добры апетыт. Каб аднавіць сілы, яму даюць пажыўную ежу: пярловую кашу, хлеб з мёдам, арэхі, сухафрукты і сырыя яйкі.
Ягоная суседка — мядзведзіца Ягадка — у гэтым годзе спала толькі каля двух тыдняў. Для яе гэта была першая сапраўдная зімовая спячка. Два гады таму яе з братам знайшлі ў лесе без маці: мядзведзіца не вярнулася да малых. Брат застаўся ў Віцебску, а Ягадку прывезлі ў Магілёў, дзе яе выкармілі супрацоўнікі. Яна стала ўлюбёнкай наведвальнікаў і нават «спявае» за пачастунак.
Магілёўскі заасад — не толькі месца для экскурсій, але і своеасаблівы цэнтр рэабілітацыі жывёл. Тут жывуць рысі, якія з’явіліся пасля гібелі маці падчас пажару. Яны ўжо далі некалькі патомстваў.
Колькасць жывёл пастаянна расце — цяпер іх каля пяцісот. Нядаўна з’явіліся новыя жыхары: карова шатландскай пароды хайленд, два страўса эму, кенгуру Бенета і канадскі воўк. Супрацоўнікі плануюць папоўніць калекцыю малпамі, а ў будучыні — нават вярблюдам.
Чытайце таксама:
На наступным тыдні чакаць вясны яшчэ не варта
Буслы стартавалі з Афрыкі дадому
Стала вядома, дзе цяпер будзе жыць янот, якога прывезлі ў Беларусь у кантэйнеры з машынамі
Шуневіч: Першы сезон палявання на рысяў скончыўся поўным правалам