Прэзідэнт Сусветнага эканамічнага форуму падаў у адстаўку на фоне расследавання яго сувязяў з Эпштэйнам
Генеральны дырэктар Сусветнага эканамічнага форуму Бёрге Брэндзе заявіў пра сваю адстаўку — гэта адбылося праз некалькі тыдняў пасля таго, як сам форум распачаў незалежнае расследаванне яго адносін з асуджаным за сэксуальныя злачынствы бізнэсменам Джэфры Эпштэйнам.
Фота: Britta Pedersen/picture alliance via Getty Images
Брэндзе заняў пасаду прэзідэнта форуму яшчэ ў 2017 годзе. Раней у матэрыялах па справе Эпштэйна, апублікаваных Міністэрствам юстыцыі США, знайшлі пацверджанні таго, што ён тройчы вячэраў з Эпштэйнам, а таксама вёў з ім электронную перапіску.
Брэндзе і Эпштэйн перапісваліся ў 2018 і 2019 гадах, абмяркоўвалі сустрэчы за вячэрай у доме бізнэсмена.
У адным з лістоў Эпштэйн даслаў фатаграфію жанчыны, твар якой быў зафарбаваны ў дакуменце, апублікаваным Міністэрствам юстыцыі. Брэндзе напісаў: «Я ж меў рацыю, праўда? Смешна», а Эпштэйн адказаў: «Так. Дрэнныя навіны. Кожны раз, калі я буду бачыць міс Пігі, буду думаць пра… цябе».
Брэндзе адказаў: «Я з гэтым зміруся. Лепш быць у памяці, чым быць забытым».
У іншай серыі паведамленняў у красавіку 2018 года Брэндзе напісаў: «Сумую па вас, сэр. Бёрге».