Горацкая пенсіянерка аддала махлярам грошы, сабраныя яе сынам
Паводле інфармацыі Следчага камітэта, з 17 па 23 лютага 65‑гадовай пенсіянерцы з Горак у месенджарах пісалі невядомыя, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі КДБ і Нацыянальнага банка. Яны сцвярджалі, што неабходна задэклараваць грошы, палохаючы магчымым ператрусам і канфіскацыяй сродкаў.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Махляры пераканалі пенсіянерку перадаць грошы кур’еру нібыта для афіцыйнага дэкларавання, запэўніўшы, што гэта дапаможа пазбегнуць праблем.
Жанчына выканала іх інструкцыі: запакавала 52,5 тысячы рублёў, якія належалі яе сыну, у скрынку і аддала кур’еру.
Праз два дні, не атрымаўшы назад нібыта задэклараваных сродкаў і прааналізаваўшы перапіску, яна зразумела, што стала ахвярай падману, і звярнулася ў міліцыю. Неўзабаве быў устаноўлены і затрыманы жыхар Магілёўскага раёна, які выконваў ролю кур’ера. Атрыманыя грошы ён перадаў саўдзельнікам, якія знаходзяцца за мяжой.
Паводле факту здарэння распачалі крымінальную справу.
Чытайце таксама:
Мінчук расказаў, як ледзь не зрабіўся саўдзельнікам тэлефонных махляроў
У Мінску затрымалі 55 супрацоўнікаў махлярскіх call-цэнтраў
Махляры выманілі ў мінскай пенсіянеркі грошы, паабяцаўшы вярнуць праз тры месяцы з працэнтамі