БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка знайшоў незвычайныя словы для спачування Хаменеі: «вераломная атака»

2.03.2026 / 18:39

Сяргей Гезгала

Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні прэзідэнту Ірана Масуду Пезешкіяну ў сувязі з гібеллю вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі ў выніку, як адзначаецца, вераломнай атакі.

У звароце падкрэсліваецца, што ў Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі гэтую трагічную навіну. Адзначаецца, што на працягу многіх дзесяцігоддзяў Алі Хаменеі служыў свайму народу, кіраваўся традыцыямі і адказнасцю перад будучымі пакаленнямі, карыстаўся аўтарытэтам і павагай як у краіне, так і за яе межамі. Таксама гаворыцца, што ён заставаўся верным свайму народу да апошняга і мужна прыняў смерць, абараняючы суверэнітэт і незалежнасць Ірана.

У спачуванні адзначана, што памяць пра Хаменеі і яго ўнёсак у развіццё краіны застануцца ў гісторыі Ірана і ў сэрцах людзей. Лукашэнка падкрэсліў, што меў магчымасць асабіста сустракацца з ім і шануе яго ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам.

Ад імя беларускага народа і ад сябе асабіста ён выказаў словы падтрымкі і салідарнасці, падзяліўшы боль страты ў гэты цяжкі час.

«У гэты скрушны час ад імя беларускага народа і сябе асабіста накіроўваю шчырыя словы спачування і падтрымкі. Падзяляем боль страты і выказваем салідарнасць з Іранам у такі цяжкі момант», — гаворыцца ў спачуванні.

Іран знаходзіцца ў стане перманентнага канфлікту з Ізраілем і ЗША ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Прычым гэта Іран выбраў знішчэнне дзяржавы Ізраіль у якасці сваёй стратэгічнай мэты. Не толькі гібрыдныя і проксі-аперацыі, але і прамыя абмены ўдарамі між гэтымі краінамі апошнія гады адбывалася рэгулярна. Удары Ізраіля былі больш паспяховымі.

Чытайце таксама:

У выніку атрыманых раненняў памерла жонка аяталы Алі Хаменеі

Як ЗША і Ізраіль вызначылі месцазнаходжанне аяталы Хаменеі

«Адкрыты шлях да іншага Ірана». Кая Калас пракаментавала смерць Алі Хаменеі

Пуцін назваў забойства Хаменеі цынічным парушэннем усіх нормаў маралі і права. Лукашэнка маўчыць

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Каментары да артыкула