Спагаду да забітага Хаменеі выклікаюць здымкамі яго нібыта забітай унучкі. Але што дакладна вядома пра гэту гісторыю?
Паведамленні пра страты ў сям’і вярхоўнага лідара Ірана сталі адной з прыкметных навін апошніх дзён. Паводле дзяржаўных СМІ, выпадковымі ахвярамі сталі яго ўнучка і іншыя сваякі, аднак афіцыйныя звесткі застаюцца фрагментарнымі. Разбіраемся, што дакладна вядома пра сям’ю забітага вярхоўнага лідара Ірана і што застаецца непацверджаным.
Алі Хаменеі з унучкай. Створаную штучным інтэлектам выяву масава распаўсюджваюць прадзяржаўныя іранскія суполкі.
Алі Хасейні Хаменеі нарадзіўся 19 красавіка 1939 года ў Машхадзе на паўночным усходзе Ірана ў рэлігійнай сям’і. Яго бацька, аятала Сайід Джавад Хаменеі, быў шыіцкім багасловам азербайджанскага паходжання, маці — Хадыджэ Мірдамадзі — таксама паходзіла з духоўнага асяроддзя.
Алі рос у шматдзетнай сям’і: у яго было тры браты і сястра Бадры. Апошняя была замужам за апазіцыйным дзеячам Алі Тэгерані. У 1980‑я гады пасля канфлікту з уладамі Ісламскай Рэспублікі яна разам з мужам пакінула Іран і апынулася ў выгнанні (жыла ў Іраку, пасля вярнулася ў Іран у 1995 годзе).
У 1964 годзе Алі Хаменеі ажаніўся з Мансурэ Хаджастэ Багерзадэ, якая таксама паходзіла з рэлігійнай сям’і з Машхада. У адрозненне ад многіх жонак палітычных лідараў, яна дзесяцігоддзямі заставалася па-за публічнай прасторай: амаль не з’яўлялася ў медыя і не выконвала прадстаўнічых грамадскіх функцый.
Мансурэ Хаджастэ Багерзадэ загінула пасля атакі на Тэгеран. Яна была цяжка параненая падчас таго самага бамбавання, у якім загінуў муж, і, паводле інфармацыі іранскіх медыя, пражыла на дзень даўжэй за яго.
Мансурэ Хаджастэ Багерзадэ. Фота: Buzzweekly.co.uk
Чым займаюцца дзеці?
У шлюбе з Мансурэ ў Хаменеі нарадзілася шасцёра дзяцей — чатыры сыны і дзве дачкі.
Першы сын Мастафа нарадзіўся ў 1965-м. Ён стаў шыіцкім клерыкам. Вядома, што мужчына жанаты з дачкой кансерватыўнага багаслова Азізалы Хашвагта, што ўмацавала сувязі сям’і з традыцыйнымі рэлігійнымі коламі.
Другі сын, Маджтаба, нарадзіўся ў 1969 годзе. Ён таксама мае духоўную адукацыю. На працягу многіх гадоў менавіта яго называлі магчымым пераемнікам бацькі на пасадзе вярхоўнага лідара. Маджтаба жанаты з дачкой Галям-Алі Хадад-Адэля, былога спікера парламента Ірана. Гэта адзін з найбольш значных шлюбных альянсаў унутры кансерватыўнай эліты.
Маджтаба Хаменеі ў 2019 годзе. Фота: Wikimedia Commons
У студзені агенцтва Bloomberg паведамляла, што Маджтаба Хаменеі можа курыраваць значныя фінансавыя актывы. У медыя перыядычна з’яўляюцца паведамленні пра яго магчымы доступ да замежных рахункаў і нерухомасці, аднак афіцыйны Тэгеран гэту інфармацыю не пацвярджае, называючы яе прапагандай. У 2019 годзе ЗША ўвялі супраць яго персанальныя санкцыі.
Трэці сын, Масуд (нарадзіўся ў 1974-м), жанаты з дачкой аяталы Махсена Харазі. Публічнай інфармацыі пра яго дзейнасць вельмі мала, ён трымаецца ў цені.
Малодшы сын, Мейсам, як і браты, атрымаў рэлігійную адукацыю. Ён таксама жанаты. Аднак ніякай канкрэтнай інфармацыі, нават даты яго нараджэння, у адкрытым доступе няма.
Дочкі — Бушра і Худа — застаюцца цалкам непублічнымі асобамі. Мяркуецца, што яны нарадзіліся ў 1980‑х гадах. Пра іх сямейнае жыццё вядома толькі тое, што яны пабраліся шлюбам з прадстаўнікамі духоўных і палітычных эліт Ірана.
Што вядома пра ўнукаў?
Дакладная колькасць унукаў Алі Хаменеі застаецца невядомай: ні іранскія ўлады, ні сам офіс аяталы не публікавалі падрабязнай інфармацыі пра яго нашчадкаў.
Найбольш часта ў міжнародных медыя фігуруе сям’я яго другога сына, Маджтабы Хаменеі. У асобных публікацыях згадваецца, што ў яго трое дзяцей — сыны 2007 і 2017 гадоў нараджэння і дачка — 2013-га.
Пра дзяцей іншых сыноў і дачок Хаменеі канкрэтных і правераных дадзеных у адкрытым доступе няма, што яшчэ раз падкрэслівае закрыты характар асабістага жыцця сям’і лідара.
Хто загінуў?
На фоне апошняй эскалацыі канфлікту з’явіліся паведамленні іранскіх дзяржаўных СМІ пра гібель сваякоў Алі Хаменеі ў выніку ўдараў па Тэгеране. Паводле гэтых паведамленняў, загінулі дачка вярхоўнага лідара, яго ўнучка, а таксама зяць і нявестка. Аднак канкрэтныя імёны, узрост і дакладныя абставіны публічна не агучваліся.
Менавіта адсутнасць дэталяў стварае нявызначанасць. Паколькі ў Хаменеі дзве дачкі і чатыры сыны, без удакладненняў немагчыма дакладна сказаць, пра якую галіну сям’і ідзе гаворка.
Калі насамрэч загінула дачка і яе муж, то ўнучка тэарэтычна магла быць іх дзіцем. Калі ж паведамленне закранала сям’ю аднаго з сыноў, тады «нявестка» магла быць жонкай сына, а ўнучка — іх дачкой.
Праўда, розніца ва ўзросце ў любым разе выглядае вельмі вялікай — атрымліваецца, што між «унучкай» і «дзядулем» анамальныя 86 гадоў.
Магчыма, што загінулае дзіця насамрэч не ўнучка, а праўнучка, а інфармацыю сказілі для дасягнення прапагандысцкага эфекту.
Можа быць і так, што ніякай загінулай унучкі ўвогуле не было — у апошнія дні іранскія прапагандысты ўкідваюць у інтэрнэт безліч фэйкаў.
Афіцыйнага пацвярджэння канкрэтнай версіі няма, і незалежныя крыніцы пакуль не апублікавалі больш падрабязных звестак.