Як K-pop, толькі B-pop — спявачка Паліна Дабравольская запісала новы альбом на беларускай і польскай мовах
Спявачка, рэжысёрка і актрыса Паліна Дабравольская (CHORNABROVA) прэзентавала поўнафарматны альбом M.I.L.A. — у ім яна спявае на беларускай і польскай мовах, такім чынам малюючы карціну свайго жыцця як эмігранткі ў Польшчы паміж дзвюх культур.
Але ў гэтым рэлізе нешта пра сябе адшукае любы чалавек, адкуль і куды б ён не з’язджаў.
Паліна Дабравольская на вокладцы свайго новага альбома M.I.L.A. Міла — гэта мастацкае альтэр-эга спявачкі. Фота: інстаграм @chornabrova.rc
У альбоме шмат пра пошук сябе і сваіх каранёў, пра адчуванне холаду на чужыне, які можна параўнаць з холадам мёртвага цела. Але таксама нямала самаіроніі і прадэманстраваных вострых зубоў, каб расказаць пра беларусаў не толькі з пункту гледжання зручнасці і ціхасці. Мы можам пастаяць за сябе і сваіх і не будзем адмоўчвацца, як прыпячэ — даводзіць артыстка.
Паліна фармулюе, што альбом можна лёгка назваць беларускім попам: ёсць K-pop, няхай будзе і B-pop. Але гэта не монажанравая праца — тут ёсць элементы хіп-хопа і электроншчыны. Дадаткова ярка праяўленая тэатральная частка аўтаркі — у альбоме гучаць дакументальныя аўдыязапісы.
Фота: інстаграм @chornabrova.rc
M.I.L.A створаная ў суаўтарстве з жонкай Паліны. А адзін з трэкаў Bies запісаны разам з беларускім жаночым хорам «Спевы», удзельніцай якога артыстка з’яўляецца сама.
Гэта ўжо чацвёрты альбом на рахунку Паліны. Першыя два — «Слова» і «Сарматыя» — былі напісаныя на беларускай мове, а трэці, «COMA», стаў цалкам англамоўным. Дарэчы, з тэксту Марыі Мартысевіч «Сарматыя» Дабравольская таксама зрабіла аднайменны спектакль у жанры музычнай драмы.
Фота: інстаграм @chornabrova.rc
Паліна Дабравольская — выпускніца Акадэміі мастацтваў. Да эміграцыі працавала як актрыса ў сталічнай «Тэрыторыі мюзікла», а таксама ставіла ў якасці рэжысёркі ўласныя спектаклі («Пакой памірае», «Бог ездзіць на ровары», «Sviciaź»). Ужо ў Польшчы дзяўчына прэзентавала «Сарматыю», «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне служыць замест мяча», «Ryk».