БЕЛ Ł РУС

Трамп заявіў пра спыненне гандлю з Іспаніяй, бо тая не дазволіла карыстацца сваімі вайсковымі базамі

3.03.2026 / 20:53

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Іспанія паведаміла ЗША пра забарону выкарыстоўваць яе вайсковыя базы, і пасля гэтага Вашынгтон цалкам спыняе гандаль з гэтай краінай. Ён таксама дадаў, што калі ЗША захочуць, то ўсё роўна змогуць выкарыстоўваць іспанскія базы ў сваіх мэтах. Гэтыя словы прагучалі падчас публічнай часткі сустрэчы з канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам у Белым доме.

Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Mark Schiefelbein

Паводле паведамленняў СМІ, іспанскі бок раней запатрабаваў вывесці амерыканскія самалёты са сваіх баз на фоне эскалацыі вакол Ірана і абмеркавання магчымага пашырэння вайсковых дзеянняў. Гаворка ідзе пра вайскова-марскую базу Рота і авіябазу Марон, якія выкарыстоўваюцца ЗША для аперацый у Міжземнамор’і і на Блізкім Усходзе.

«Іспанія заявіла, што мы не можам выкарыстоўваць іх базы — і гэта нармальна. Нам і не трэба. Мы маглі б выкарыстоўваць іх базы, калі б захацелі. Мы маглі б проста прыляцець і скарыстацца імі. Ніхто не скажа нам, што мы не можам іх выкарыстоўваць, але нам гэта не патрабуецца. Аднак яны павялі сябе непрыязна, і я сказаў ім: нам не трэба. У Іспаніі няма абсалютна нічога, што нам трэба, акрамя цудоўных людзей. У іх цудоўныя людзі. […] І цяпер мы збіраемся цалкам спыніць гандаль з Іспаніяй. Мы не хочам мець з Іспаніяй нічога агульнага», — заявіў Трамп.

Іспанія з’яўляецца членам НАТА, а прысутнасць амерыканскіх войскаў рэгулюецца двухбаковымі пагадненнямі. Падобнае абвастрэнне можа прывесці да напружанасці ўнутры альянсу і ўскладніць адносіны паміж Вашынгтонам і Мадрыдам.

Чытайце таксама:

Чатыры шляхі завяршэння вайны ў Іране

Трамп: Перамовы з Іранам весці занадта позна

Трамп заявіў пра адказ за напад на пасольства ЗША ў Эр-Рыядзе

Меланія Трамп упершыню старшынствавала на Радзе Бяспекі ААН ФОТАФАКТ

Трамп расказаў, што для яго стала найбольшай неспадзяванкай пасля ўдараў па Іране

Каментары да артыкула