БЕЛ Ł РУС

Як цяпер жыве Наталля Хершэ, якую адправілі ў калонію за сарваную з сілавіка балаклаву

15.03.2026 / 20:37

Nashaniva.com

Пакуль Наталля была ў зняволенні, яе трох котак у Швейцарыі аддалі іншым людзям. Толькі брытанскую караткашэрсную котку Шанэль яна змагла выкупіць назад, як толькі апынулася на волі.

Фота тут і далей: фэйсбук Наталлі Хершэ

Наталлю Хершэ, беларуску з грамадзянствам Швейцарыі, затрымалі на жаночым маршы ў Мінску ў верасні 2020 года. За тое, што яна сарвала з сілавіка балаклаву, жанчыне прысудзілі 2,5 года калоніі. Але яе ўдалося выцягнуць з-за кратаў раней, у лютым 2022 года, дзякуючы намаганням швейцарскіх дыпламатаў.

Пра сваё сённяшняе жыццё былая палітзняволеная расказала выданню Schweizer Illustriert.

Пасля вяртання ў Швейцарыю жыццё Наталлі было ў руінах. Адносіны з каханым мужчынам распаліся, амаль усе асабістыя рэчы зніклі. «У мяне амаль нічога не засталося». Тыднямі яна спала ў пакоі сваёй дачкі ў Цюрыху.

Пазней Наталля Хершэ пераехала да свайго былога партнёра, але восем месяцаў таму яны рассталіся. Цяпер яна жыве ў швейцарскім горадзе Санкт-Гален.

Пасля вызвалення Наталля, якая шмат гадоў малюе, шукала, як рэалізаваць сябе ў прафесійным плане.

У рэшце рэшт яна звярнула ўвагу на ўстанову Werkheim Neuschwende ў Трогене, дзе жывуць і працуюць людзі з кагнітыўнымі парушэннямі. Хершэ атрымала месца для практыкі. Сёння яна праходзіць там двухгадовае навучанне на педагога.

Напрыклад, яна стварае мастацкія паштоўкі разам з жыхарамі ўстановы. «Прыемна бачыць, як людзі праз самастойную працу развіваюць пачуццё ўласнай годнасці і гонар».

Пакуль Наталля была ў зняволенні, яе трох котак у Швейцарыі аддалі іншым людзям. Толькі брытанскую караткашэрсную котку Шанэль яна змагла выкупіць назад, як толькі апынулася на волі.

Наталля і яе котка Шанэль

Кожную нядзелю жанчына наведвае царкву. «Я ведаю людзей, найвялікшы страх якіх — быць пакінутымі іншымі. Я сама гэта перажыла — гэта балюча. Але мой найвялікшы страх — быць пакінутай Богам».

У Беларусь яна не можа вярнуцца, пакуль там пануе дыктатура. Ці зрабіла б яна сёння што-небудзь інакш? Не. «Я рабіла гэта не для сябе, а для ўсіх маіх продкаў і для ўсіх маіх нашчадкаў. […] Я заступілася за тое, што лічу правільным. Зараз я хачу працягваць будаваць сваё жыццё — і глядзець наперад».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула