БЕЛ Ł РУС

«Прывязалі да турніка, галаву абматалі скотчам». Блізкія вайскоўцаў у «ДНР» паскардзіліся на катаванні 

17.03.2026 / 10:03

Nashaniva.com

Акрамя блізкіх Іллі, яшчэ некалькі сваякоў вайскоўцаў паведамлялі пра катаванні ў гэтай часці.

Сваякі 30‑гадовага Іллі В. з Краснадарскага краю распавялі «Осторожно, новости», што ён служыў сапёрам па кантракце ў в/ч 52892 у Горлаўцы (ДНР).

Напрыканцы 2025 года Ілля атрымаў кантузію, калі разам з саслужыўцамі наехаў на міну. Паводле слоў блізкіх, камандаванне на просьбы дапамагчы не рэагавала, Ілля сам рабіў байцам перавязкі на працягу трох дзён. Пасля гэтага ён вырашыў пакінуць часць і з’ехаць у Данецк, каб аднавіцца.

Уначы бацьку Іллі патэлефанаваў мужчына, які прадставіўся старшынёй інжынерна-сапёрнай роты Міхаілам. Ён папрасіў пагаварыць і пераканаць Іллю вярнуцца ў часць, каб яго не абвясцілі самавольна пакінуўшым частку. Таксама ён даслаў бацьку вайскоўца рапарт аб узнагароджанні сына і запэўніў, што дасць яму адпачынак праз некалькі тыдняў: «Сказаў бацьку, маўляў, хай адпачне пару дзён, і мы па яго прыедзем. Дадаў, што зрабіў пэўныя высновы і ўсвядоміў свае памылкі ў адносінах да байцоў».

Праз дзень Іллю вывезлі ў часць. У той жа дзень старшына выдаліў усю перапіску ў месенджары і заблакаваў бацькоў мужчыны. Ілля знік з сувязі, а пазней з чужога нумара патэлефанаваў блізкім і распавёў, што ў той дзень у яго забралі і разбілі тэлефон, а таксама парвалі дакументы, нібыта «больш Іллю яны не спатрэбяцца».

«Яго адвезлі ў нейкі падвал, дзе ў спальніках ляжалі іншыя вайскоўцы. Ім было загадана не размаўляць адзін з адным. Там у Іллі ўзялі аналіз ДНК, а пазней сярод ночы яго вывелі ў асобны пакой, надзелі кайданкі і прывязалі да турніка. Галаву абматалі скотчам, у рот засунулі шапку і дубінкамі адбівалі мышцы на працягу гадзіны».

У падвале, паводле слоў блізкіх, Іллі паказалі яшчэ адзін ваенны кантракт (тэрмін дзеяння папярэдняга кантракта скончыўся за некалькі тыдняў да гэтага), які нехта падпісаў замест яго. На наступную раніцу Ілью разам з іншымі байцамі, як сцвярджаюць сваякі, з падвала адправілі на штурм. Каб зафіксаваць пабоі і паведаміць пра злачынствы супраць яго і іншых байцоў, Ілья вырашыў пакінуць заданне і адправіцца ў Данецк. Туды да яго прыехалі блізкія: «Мы збіраліся вывезці яго дадому па месцы жыхарства, прапіскі і далей звярнуцца ва ўсе праваахоўныя органы».

На адным з КПП Іллю затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Сям’я распавяла пра сітуацыю, супрацоўнікі запэўнілі, што прынялі заяву і накіруюць затрыманага ў Следчы камітэт і вайсковую камендатуру для далейшых разглядаў. Блізкім Іллі паабяцалі, што ў часць яго не адправяць. Пазней сваякі паехалі дадому ў Краснадарскі край. Ілля патэлефанаваў ім з вайсковай камендатуры ў горадзе Амвросіеўка (ДНР), а пасля знік.

Па тэлефоне ў камендатуры адказалі, што 26 снежня яго ўначы забралі назад у часць. Праз некалькі дзён патэлефанаваў нампаліт часці і паведаміў, што Ілля пайшоў на баявое заданне і з 29‑га лічыцца зніклым без вестак.

Акрамя блізкіх Іллі, яшчэ некалькі сваякоў вайскоўцаў паведамлялі пра катаванні ў гэтай часці. Сем’і больш як 100 байцоў, абвешчаных зніклымі без вестак, просяць дапамагчы з пошукам родных.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула