БЕЛ Ł РУС

Трубач Цім Суладзэ пахудзеў на 40 кг — вось што для гэтага спатрэбілася

21.03.2026 / 11:52

Вера Белацаркоўская

Музыку Ціму Суладзэ ёсць чым пахваліцца — за апошнія месяцы ён скінуў больш за 40 кілаграмаў і моцна змяніўся знешне. Пагутарылі з ім пра тое, як атрымалася гэта зрабіць і як жывецца, калі больш не важыш 173 кг.

Цім Суладзэ ў сакавіку 2025‑га і праз год. Фота: Tim Suladze / Facebook

Суладзэ расказвае, што мае праблемы з вагой з 18 гадоў. Тады яны былі некрытычныя: ён важыў 98 кг, а хацелася 90 кг. Ён пайшоў у трэнажорку, каб прывесці сябе ў форму, і атрымаў траўму, пасля гэтага яму дазволілі толькі займацца плаваннем у басейне.

Вага пайшла ўверх, і Цім пачаў шукаць спосабы яе скінуць:

«Вельмі шмат спрабаваў схуднець, я нават тры разы ляжаў у клініцы харчавання, калі яшчэ ў мінулым жыцці жыў у Маскве. Тады скідваў вельмі шмат, але потым усё вярталася, бо скідваў няправільна.

Мне раней здавалася, што я лягу ў тую клініку харчавання, мяне там вылечаць, я скіну вагу, а потым вярнуся дахаты і буду есці ўсё тое ж, што і раней. Вядома, гэта не спрацоўвала».

Суладзэ кажа, што яго найвялікшая вага за жыццё — 173 кг, пры гэтым рост мужчыны — 190 см. Такую вагу ён меў двойчы за жыццё, у тым ліку і вясной 2025-га, калі вырашыў зноў паспрабаваць схуднець.

Кадры з мінулага. Фота: архіў суразмоўцы

Пачаў з медаглядаў:

«Трэба зразумець, што лішняя вага — гэта хвароба, такая ж, як і іншыя. Яна патрабуе медыкаментознага лячэння. Я здаў аналізы і прайшоўся па лекарах, мама мне моцна дапамагла знайсці патрэбных спецыялістаў.

У маім выпадку вага была звязаная з эндакрыналогіяй. Я схадзіў на кансультацыю да аднаго з найлепшых эндакрынолагаў у Літве, і менавіта пасля гэтага ў мяне ўсё пачало атрымлівацца. Я трымаюся ўжо амаль год, апетыт не вяртаецца».

Тады, у маі 2025-га, доктарка прызначыла Суладзэ лекі, якія ўжо спрыяюць пахудзенню. У дадатак мужчына пачаў займацца скандынаўскай хадзьбой і наведваць басейн, але прызнаецца, што робіць гэта нерэгулярна, бо не хапае часу — шмат часу сыходзіць на вучобу ў Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра.

Але існуе адзін лайфхак, які дапамагае рухацца больш. У Ціма ёсць сабакі, і праз тое, што іх трэба выгульваць, ён мае дадаткова 2000 крокаў на дзень.

Суладзэ ўпэўнены, што ў яго выпадку фізічная актыўнасць — другаснае. Як лічыць мужчына, яго лішняя вага перш за ўсё звязаная з харчаваннем. Каб скідваць вагу, давялося звесці да мінімуму паходы па фастфуд і шакаладкі ды булачкі:

«Раней я мог схадзіць у «Бургер Кінг», праз 15 хвілін у «Макдональдс», а потым яшчэ і піцай заесці, я еў усё запар. А цяпер не, цяпер мама — мой галоўны дыетолаг, яна мне рыхтуе порцыі ежы. З сабой бяру тэрмічную сумку, я яе са Швейцарыі прывёз. Там у мяне і абед, і вячэра, а калі чагосьці не хапае, я гэта набываю ў сталоўцы акадэміі. 

Сёння, напрыклад, абед у мяне быў з дома, а на вячэру я набыў гуляш з рысам і больш нічога, ніякіх шакаладак, снікерсаў ці булачак. Не кажу, што ўвогуле перастаў есці тыя прысмакі, але імкнуся звесці гэта да мінімуму».

Замест шкоднай ежы Цім пачаў есці больш садавіны і гародніны. А ці ёсць ломка па фастфудзе? Кажа, што не — напэўна, дапамагаюць лекі.

Цяпер музыка важыць 134 кг і імкнецца схуднець да 90 кг, але ўжо цяпер яму жывецца нашмат лягчэй. Цім адзначае, што мае больш сіл і на тое, каб рухацца, і проста на жыццё.

«Калі я вучыўся ў віленскай калегіі, я прачынаўся ранкам, выгульваў сабаку, прыязджаў на заняткі да першай пары, і мне ўжо было блага. Калі пачаў вучыцца тут, педагог па спецыяльнасці хацеў прызначыць заняткі а 9-й, дык я яму тлумачыў, што фізічна не змагу: нават калі і даеду, буду сонны як зомбі. Прасіў яго таксама, каб мы займаліся седзячы, а цяпер я магу без праблем увесь занятак адыграць стоячы і прыехаць на яго а 9-й. Тым больш што тут трэба прыязджаць за гадзіну да пачатку занятку па спецыяльнасці, каб разыграцца.

Мне стала прасцей перасоўвацца па справах. Я магу ў акадэміі, дзе вучуся, некалькі разоў падняцца з першага паверха на чацвёрты, а раней гэта было праблемай», — радуецца мужчына.

Днямі Суладзэ заўважыў яшчэ адзін плюс ад пахудзення. Цяпер ён можа набываць адзенне ў звычайнай краме, а не на кірмашы ці ў спецыяльных крамах для людзей з нестандартнымі памерамі:

«Гэта крута, можна шопіцца, большы выбар рэчаў. Калі я раней купляў джынсы, яны за некалькі месяцаў сціраліся паміж ног і я набываў наступныя. А цяпер я першы раз не ведаю за які час набыў адначасова дзве пары джынсаў, то-бок у мяне цяпер ёсць дзве новыя пары добрых джынсаў. Раней у гэтым не было сэнсу, бо яны праціраліся вельмі хутка».

Але скінуць вагу — толькі палова справы, бо трэба яшчэ і захаваць новую вагу на далейшае жыццё. У Ціма пакуль няма дакладнага плана, як ён збіраецца тую вагу падтрымліваць. Але мужчына разумее, што яму трэба будзе больш рухацца і мець паўнавартаснае харчаванне, тым больш што з пахудзеннем яму будзе даступна больш варыянтаў рухальных актыўнасцяў.

Матывацыі ў мужчыны хапае:

«Як чалавек творчы, я хачу яшчэ многа чаго зрабіць у сваёй галіне, і мне на гэта спатрэбіцца шмат гадоў. Проста каб жыць і быць у добрым стане, каб быць пазітыўным і каб іншыя людзі да цябе імкнуліся.

Ёсць прыклады, калі музыкі выступалі на сцэне да ста гадоў. Нехта, можа, і больш выступаў. Паколькі першую палову жыцця я трохі гэта ўсё прафакапіў, цяпер хачу нагнаць».

Чытайце таксама:

Беларус паменшыў сабе страўнік, каб скінуць вагу, і ледзь не памёр

«Я важыў 152 кг». Гарадзенец распавядае, як схуднеў амаль удвая

Сэкс больш эфектыўны для пахудання, чым прагулкі

Каментары да артыкула