Офіс Ціханоўскай чакае пацвярджэння ўкраінскага боку наконт візіту ў Кіеў на наступным тыдні
«Я вельмі спадзяюся, што ў нас атрымаецца сустрэць ва Украіне Дзень Волі — народнае нацыянальнае свята беларусаў. Свята, якое рэжым «не вітае»», — заявіла дэмакратычная лідарка Беларусі ў інтэрв'ю «Еўрапейскай праўдзе».
Фота: Dominika Zarzycka SOPA Images LightRocket via Getty Images
Ціханоўская заявіла, што зараз чакае ад украінскага боку пацвярджэння наконт дат.
«Вядзём перамовы і пра змястоўную частку. Тут шмат пытанняў — і лагістыка, і бяспека. І, вядома, я хачу прыехаць не з пустымі рукамі — а прывезці дапамогу для добраахвотнікаў. Для мяне вельмі важна падтрымаць Украіну цяпер, бо ад лёсу Украіны залежыць лёс Беларусі», — сказала Ціханоўская.
Яна кажа, што ведае — такі візіт быў бы моцным сігналам для беларусаў: «Сігналам пра тое, што Украіна — за вольную Беларусь, што Лукашэнка — ваенны злачынца, што беларусы і ўкраінцы — разам супраць расійскага імперыялізму. Гэта сапраўды важна, бо беларусы глядзяць на Украіну з вялікай надзеяй і ўспрымаюць прэзідэнта Зяленскага як лідара не толькі Украіны, але і ўсяго рэгіёна».
«Паверце, кожная заява прэзідэнта Зяленскага ў падтрымку вольнай Беларусі натхняе людзей на барацьбу супраць лукашызму. Калі мы ўбачылі, што ў нас з’яўляецца такі моцны саюзнік — людзей гэта вельмі натхніла», — зазначыла яна і заклікала беларусаў у Кіеве прыносіць на Дзень Волі бел-чырвона-белыя сцягі.
Некалькі дзён таму стала вядома, што візіт у Кіеў можна адбыцца ў раёне 25 сакавіка. Дамова пра будучы візіт у сталіцы Украіны была заключана падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага ў Вільні 25 студзеня.