БЕЛ Ł РУС

Прадстаўнік Украіны ў ААН нагадаў расіянам, дзе была Кіеўская Русь, а дзе «квакалі жабы»

24.03.2026 / 10:48

Nashaniva.com

«Масква тады была проста балотам, дзе квакаюць жабы».

Андрэй Мельнік. Фота: Міністэрства замежных спраў Украіны / Facebook

На пасяджэнні Рады Бяспекі ААН пастаянны прадстаўнік Украіны Андрэй Мельнік звярнуўся да гістарычнага экскурсу, адказваючы на расійскія наратывы пра нібыта «адзінства ўкраінцаў і расіян», паведамляе Укрінфарм.

Дыпламат нагадаў, што падчас мінулага пасяджэння Рады Бяспекі ААН 24 лютага пастпрэд Расіі Васіль Нябензя «ў чарговы раз патраціў час на знаёмую лухту пра нібыта гістарычнае адзінства ўкраінцаў і расіян».

«Ён нават нешта прамармытаў пра Кіеўскую Русь, якую мы, украінцы, нібыта прадалі за 30 срэбранікаў, — распавёў Мельнік. — Дазвольце паставіць гістарычныя факты на свае месцы».

Украінскі дыпламат адзначыў, што ў пачатку XII стагоддзя Кіеў быў сталіцай найбуйнейшай і адной з самых магутных дзяржаў сярэднявечнай Еўропы.

«А тэрыторыя сучаснай Масквы тады была толькі балотам, дзе квакаюць жабы», — заўважыў ён.

Мельнік нагадаў пра агрэсіўныя дзеянні маскоўскіх кіраўнікоў у мінулым. Менавіта пад кіраўніцтвам князя Уладзіміра-Суздальскай зямлі Андрэя Багалюбскага ў 1169 годзе Кіеў быў разрабаваны, а многія яго жыхары — забітыя.

«Масква здрадзіла Кіеву. І дагэтуль яна працягвае гэтую самую жорсткую палітыку: бамбіць Кіеў, руйнуе нашы Залатыя вароты, гвалтуе і забівае мірных жыхароў», — падкрэсліў пастаянны прадстаўнік.

Звяртаючыся да расійскай дэлегацыі, ён заявіў, што ўкраінцам не патрэбныя «скажоныя гістарычныя ўрокі пра ўяўнае адзінства».

«Кіеў стаіць моцна ўжо больш за 1000 гадоў і будзе стаяць яшчэ тысячу. Ён будзе квітнець, заставацца непераможным, і Расіі не ўдасца яго пакарыць», — заявіў Мельнік.

Напрыканцы ён працытаваў па-руску: «Окончен бал, потухли свечи… Бери шинель — иди домой».

«Таму забірайце свае шынялі — і прэч з Украіны!» — дадаў дыпламат.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула