БЕЛ Ł РУС

Наўседа сказаў, што Коўл пытаўся ў яго пра магчымасць аднаўлення палітычнага дыялогу з Мінскам

24.03.2026 / 15:35

Nashaniva.com

«Мой адказ быў максімальна ясны», — сказаў прэзідэнт Літвы.

Прэзідэнт Літвы паведаміў, што спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл падчас сустрэчы ўзняў пытанне аб магчымасці аднаўлення палітычнага дыялогу з Мінскам.

«Падчас размовы са мной было ўзнята пытанне пра тое, якія магчымасці існуюць для палітычнага дыялогу з Беларуссю», — сказаў кіраўнік дзяржавы журналістам у аўторак, паведамляе LRT.

Наўседа адзначыў, што папярэдзіў амерыканскага прадстаўніка аб празмерным даверы да рыторыкі рэжыму.

«Мой адказ быў максімальна ясны, бо мы добра ведаем гэтага суседа і канкрэтна гэтага дыктатара, — сказаў прэзідэнт Літвы. — Мой пасыл спадару Коўлу заключаўся ў тым, каб вельмі асцярожна трактаваць любыя крокі беларускіх уладаў, паколькі яны па сваёй прыродзе і з-за ідэнтыфікацыі з Расіяй практычна неаддзельныя ад расійскай дзяржавы».

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што Беларусь можа паспрабаваць раскалоць адзінства краін НАТА і дамагчыся разыходжанняў у палітыцы ЗША і Еўрапейскага саюза адносна Мінска.

Прэзідэнт Літвы падкрэсліў, што намаганні па вызваленні палітвязняў у Беларусі вітаюцца, аднак для Мінска гэта толькі інструмент дасягнення палітычных мэтаў.

«Мы нагадалі амерыканскім калегам, што санкцыйны рэжым ЕС адносна Беларусі застаецца ў сіле, ён падоўжаны на 12 месяцаў, і, прынамсі ў гэты перыяд, няма ніякіх прававых ці іншых падстаў казаць пра адмену або змякчэнне санкцый», — адзначыў Наўседа.

«Аналагічнай пазіцыі, паводле маіх звестак, прытрымліваюцца і суседнія з Літвой дзяржавы, якія разглядаюцца як альтэрнатыўныя лагістычныя каналы для беларускіх угнаенняў», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула