БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка, які вечна незадаволены беларусамі, пахваліў паўночнакарэйскі народ

26.03.2026 / 08:51

Nashaniva.com

Лукашэнка прадказаў КНДР «вялікую будучыню з працавітым, дысцыплінаваным народам». 

Аляксандр Лукашэнка, які ўвесь час наракае на беларусаў, у КНДР нарэшце знайшоў найлепшы варыянт. 

«Я вам магу сказаць, як чалавек, які ўжо ўсё ў гэтым свеце бачыў, — вашу краіну чакае вялікая будучыня з гэтым працавітым, дысцыплінаваным народам», — сказаў ён.

У Паўночная Карэі ён пабачыў яшчэ і тое, чаго больш у свеце ніхто не бачыць. 

«Я ўбачыў, — вы ўмееце рабіць усё. І вы робіце гэта так, як ніхто ў свеце. Гэта не даніна павагі нашым перамовам. Гэта сапраўды вынікае з маіх назіранняў», — запэўніў ён.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, беларускі і карэйскі народы збліжаюць агульныя інтарэсы — патрыятызм і павага да гісторыі. Паводле яго слоў, сяброўскія сувязі, якія зарадзіліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза, ніколі не перарываліся.

Ён анасаваў «прынцыпова новы этап» адносін.

«Сёння ў выніку ўсебаковага паступальнага развіцця мы пераходзім на прынцыпова новы этап. З вялікім спазненнем, але тым не менш пераходзім», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Нашы эканомікі ўзаемадапаўняльныя, мы патрэбныя адзін аднаму. І ў гэтым кірунку давайце зробім высновы з мінулага, са сваіх памылак. І зробім усё для таго, каб адносіны паміж Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь былі ўзорнымі», — дадаў ён.

Ён патлумачыў, што ў сучасных рэаліях, калі «моцныя свету гэтага» ігнаруюць міжнароднае права, незалежным краінам неабходна ўзаемадзейнічаць больш шчыльна для абароны суверэнітэту.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што развіццё адносін з КНДР будзе ісці без аглядкі на меркаванне іншых краін.

«Я, як і Вы, прыхільнік таго, каб мы развівалі нашы адносіны, не азіраючыся на іншыя краіны, якія, вядома, будуць не ў захапленні ад нашых адносін. Таму што яны — канкурэнты. Нашы эканомікі ўзаемадапаўняльныя, мы патрэбныя адзін аднаму. Мы зробім высновы з мінулага і зробім усё для таго, каб адносіны паміж КНДР і Беларуссю былі ўзорнымі», — сказаў ён.

Кім Чэн Ын дадаў, што абедзве краіны імкнуцца да будаўніцтва шматпалярнага свету і маюць падобныя позіркі на міжнародны парадак.

«Думаю, што гэта служыць перадумовай магчымасці далейшага пашырэння і развіцця двухбаковых адносін у адпаведнасці з узаемнымі інтарэсамі дзвюх краін», — сказаў ён.

Ён выказаў «поўную падтрымку» дзеянням Мінска і выступіў супраць санкцый для Беларусі.

«Мы выступаем супраць неправамернага ціску на Беларусь з боку Захаду і выказваем падтрымку і разуменне мерам кіраўніцтва Беларусі, накіраваным на сацыяльна-палітычную стабільнасць», — заявіў Кім Чэн Ын.

Кім Чэн Ын таксама адзначыў поспехі Беларусі ў абароне суверэнных правоў і развіцці эканомікі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула