БЕЛ Ł РУС

Джэй Дзі Вэнс наведае Венгрыю перад парламенцкімі выбарамі

26.03.2026 / 08:58

Nashaniva.com

Віцэ-прэзідэнт ЗША збіраецца наведаць Будапешт 7—8 красавіка, паведамляе Politico.

Джэй Дзі Вэнс. Фота: Kent Nishimura / Getty Images

Вэнс стане самым высокапастаўленым амерыканскім госцем у Венгрыі з часоў візіту прэзідэнта Джорджа Буша-малодшага ў чэрвені 2006 года.

Прадстаўнікі Дзярждэпартамента і офіса віцэ-прэзідэнта не адказалі выданню пра прычыны паездкі Вэнса ў Будапешт. «Аднак дакумент выразна дэманструе праорбанаўскую накіраванасць адміністрацыі Трампа», — піша Politico.

Учора Трамп назваў прэм'ера Венгрыі Віктара Обрана сапраўдным сябрам і байцом, выказаўшы яму падтрымку.

«Ён сапраўдны сябар, баец і пераможца. Віктар Орбан ніколі не падвядзе вялікі народ Венгрыі. Я заўсёды з ім», — напісаў Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth.

Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што «поўнасцю падтрымлівае» пераабранне Орбана на пасаду прэм’ер-міністра. Да допісу ён дадаў сваю фатаграфію з Орбанам, зробленую ў Белым доме.

Парламенцкія выбары ў Венгрыі прызначаны на 12 красавіка.

Партыя Орбана «Фідэс», паводле апытанняў грамадскай думкі, саступае па папулярнасці апазіцыйнай партыі «Ціса» пад кіраўніцтвам Петэра Мадзьяра.

Орбан займае пасаду прэм'ера з 2010 года, гэта самы доўгі тэрмін у выбарных дэмакратыях Еўропы. Таксама ён быў прэм'ерам краіны ў 1998‑2002 гадах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула