БЕЛ Ł РУС

Супрацоўніка ГУБАЗіКа пасадзілі за карупцыю. У калоніі ён трапіў у адзін атрад з палітычнымі

26.03.2026 / 20:30

Nashaniva.com

Былы супрацоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Крук асуджаны па карупцыйным артыкуле і адбывае пакаранне ў ПК-3 Віцебска. Пра затрыманне і суд над экс-сілавіком публічна не паведамлялася. Былыя зняволеныя расказалі выданню «Люстэрка» падрабязнасці знаходжання Крука ў калоніі.

Станіслаў Крук выступае на сустрэчы са студэнтамі БДАТУ. Мінск, студзень 2020 года. Фота: bsatu.by

З МУС у ПК-3

Станіславу Круку 33 гады. У мінулым ён значыўся ў спісах супрацоўнікаў ГУБАЗіК, высветліла «Люстэрка» пры дапамозе арганізацыі Belpol. Як доўга ён там працаваў і чым канкрэтна займаўся — невядома.

Да гэтага на працягу некалькіх гадоў Крук працаваў інспектарам у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС Мінска. У студзені 2020 года ён прадстаўляў гэту арганізацыю на сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта (БДАТУ).

Пра затрыманне Крука і суд над ім публічна не паведамлялася. У яго акаўнт VK ніхто не заходзіў з чэрвеня 2023 года. Падрабязнасцяў пра справу экс-сілавіка мала. Былыя палітвязні, якія перасякаліся з ім за кратамі, згадвалі карупцыйныя артыкулы. Адзін з іх назваў тэрмін — дзевяць гадоў.

Восенню 2023 года Крук трапіў у атрад папраўчай калоніі № 3 у Віцебску. З студзеня 2024 года ПК-3 стала значыцца месцам яго працы, вынікае з афіцыйных даных, атрыманых «Люстэркам» пры дапамозе «Кіберпартызан».

Станіслаў Крук. Фота з афіцыйнага рэестра атрымана «Зеркалом» пры дапамозе Belpol

«Ану паспрабуй мяне пабі проста зараз»

Паводле слоў аднаго з былых зняволеных, у калоніі «ўвесь атрад ведаў», што Крук з ГУБАЗіК. Ужо ў першыя дні гэта ледзь не стала прычынай сутычкі, расказала іншая крыніца. Тады адзін з палітычных звярнуўся да экс-сілавіка з пытаннем: «Звязаных людзей біць было добра? Ану паспрабуй мяне пабі проста зараз». Мужчыны рушылі адзін на аднаго, аднак іншыя зняволеныя ўмяшаліся і расцягнулі іх.

За кратамі Крук з першых дзён пачаў супрацоўнічаць з адміністрацыяй калоніі: «Адразу ў актыў, адразу завербаваўся да операў». Даволі хутка экс-сілавік стаў брыгадзірам «разборкі» — прадпрыемства па разборцы металу, дзе прымусова працуюць зняволеныя. Таксама ён выконваў функцыі днявальнага ў сваім атрадзе.

«Самае паганае ў ім, што ён яшчэ не разумее, што ён выкінуты з сістэмы і яму трэба перабудоўвацца. Трымае сябе фанабэрыста ў адносінах да палітычных. Відаць, што нарабіў спраў у 2020-м, хоць кажа, што юрыстам быў, нібыта звычайным», — расказаў «Люстэрку» былы палітвязень Ігар.

Па словах тых, хто вызваліўся з ПК-3, Крук «здаваў усіх». У атрадзе гэта разумелі і не асабліва любілі экс-сілавіка. Два чалавекі згадалі дружалюбныя крокі і рэплікі з яго боку, але пры гэтым характарызавалі яго як чалавека «беспрынцыповага» і «небяспечнага».

Чытайце таксама:

Вікторыя Кульша: Рэчыцкая калонія — гэта пекла

Мужчына ўцягнуў ГУБАЗіК у сямейны канфлікт, спрабуючы пасадзіць маці свайго сына за «экстрэмізм»

«Будзеш адмаўляцца — паедзеш у СІЗА». Як у Беларусі збіраюць на «дабрачыннасць» з затрыманых па палітычных справах

Падстаўныя спатканні і аблавы: як у Беларусі цкавалі ЛГБТ у 2025 годзе

«Пайшлі нах*й вы і ваш «Бацька», пі***асы!» П'яныя прыгоды зрабілі армяніна Ярванда палітвязнем. Цяпер ён змагаецца з праблемамі ў Польшчы

Каментары да артыкула