«Не забірайце ў дзяцей са смяротным дыягназам апошняе!» Блізкія хворых на рак дзяцей звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай не знішчаць фонд «КіндэрВіта»
Блізкія дзяцей, хворых на рак, звярнуліся праз сацсеткі да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай «адмяніць рашэнне Мінгарвыканкама аб ліквідацыі дабрачыннага фонда «КіндэрВіта».
Каманда фонду «КіндерВіта». Фота: kindervita.by
«Кожны дзень «КіндэрВіта» аказвае неверагодную падтрымку і клопат. Яны радуюць дзетак падарункамі, ладзяць забаўляльныя мерапрыемствы, майстар-класы. Арганізуюць збор грашовых сродкаў для цяжка хворых дзяцей. Для ўсіх нас «КіндэрВіта» — гэта не проста арганізацыя. Гэта — добры чараўнік, які дорыць нашым дзецям радасць і вяртае бестурботнае дзяцінства, дзе няма слёз, пакут, болю», — падкрэсліваецца ў звароце.
«Не забірайце ў дзецей са смяротным дыягназам апошняе — усмешку!» — заклікаюць людзі.
Фонд «КіндэрВіта» заснавала ў 2021 годзе Надзея Манцэвіч. У 2019 годзе ў яе дзіцяці дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, і яна вырашыла стварыць дабрачынную арганізацыю, каб дапамагаць хворым дзецям. За гады працы фонд правёў мноства яркіх акцый для дзяцей, якія знаходзяцца ў анкацэнтры. З майстар-класам перад імі выступала пераможца конкурсу прыгажосці Mrs. Globe Лана Глумакова, а на працягу некалькіх гадоў дзяцей з Новым годам віншавалі альпіністы ў касцюмах Дзядоў Марозаў.
Днямі стала вядома, што «КіндэрВіта» спыніць сваё існаванне. Рашэнне аб гэтым прыняла калегія галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама 19 сакавіка. Прадстаўнікі фонду расказалі, што рашэнне стала для іх нечаканым. У паведамленні, апублікаваным у сацсетках, яны запэўніваюць, што вялі празрыстую дзейнасць: публікавалі гадавыя справаздачы і абнародавалі даныя пра зборы.
Чытайце таксама:
Ліквідавалі фонд «КіндэрВіта», які дапамагаў дзецям з анкалагічнымі захворваннямі
З 2020 года ўлады ліквідавалі 2000 грамадскіх арганізацый
Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР