БЕЛ Ł РУС

Наўседа: Дыялог з Мінскам магчымы, толькі калі Беларусь праявіць суседскую добрую волю

27.03.2026 / 15:34

Nashaniva.com

Пасля закліку Джона Коўла аднавіць сувязі з Мінскам прэзідэнт Літвы заявіў, што дыялог паміж краінамі магчымы толькі тады, калі «другі бок дэманструе добрую волю да развіцця добрасуседскіх адносін». Аднак цяпер ён такой «добрай волі» з боку Беларусі не бачыць.

Фота: Jonathan Raa/NurPhoto via Getty Images

Пасланнік ЗША раней у інтэрв'ю LRT адзначыў, што Вашынгтон хацеў бы, каб Літва і Беларусь «пачалі вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць паміж імі, каб можна было адкрыць гандаль паміж дзвюма краінамі, адкрыць гандаль з Еўропай і Злучанымі Штатамі».

Тым часам прэзідэнт Літвы падкрэсліў, што пытанне санкцый супраць Беларусі вырашаецца на ўзроўні Еўрапейскага саюза, паведамляе LRT.

«Перш за ўсё хачу звярнуць увагу — я сказаў гэта і спецпрадстаўніку, — што пытанне ўгнаенняў вырашаецца на ўзроўні Еўрапейскага саюза. Зусім нядаўна санкцыі былі падоўжаны яшчэ на 12 месяцаў. Яны былі ўведзеныя значна раней і звязаны не столькі з цяперашнімі гібрыднымі атакамі, колькі з парушэннямі правоў чалавека, з нелегітымнымі прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года. І, безумоўна, з фактычным удзелам Беларусі ў расійскай агрэсіўнай вайне супраць Украіны», — заявіў ён.

Джон Коўл выказаў надзею, што Літва пагодзіцца правесці двухбаковую сустрэчу з Беларуссю на ўзроўні віцэ-міністраў. Адносіны ЗША і Беларусі пацяплелі пасля вяртання Дональда Трампа ў Белы дом. У абмен на вызваленне палітычных зняволеных Вашынгтон аслабіў уведзеныя супраць Мінска санкцыі. Аўтарытарны прэзідэнт Беларусі на гэтым тыдні таксама даў «зялёнае святло» выезду літоўскіх грузавікоў з Беларусі.

«Тое, што адбываецца цяпер, падобна на прынцып «цягні-штурхай». У адным месцы нібыта дэманструецца нейкая ўяўная добрая воля, хоць цяжка ўспрымаць гэта як знак добрай волі, калі, можна сказаць, незаконна спыненыя і затрыманыя нашы літоўскія грузавікі вяртаюцца. Атрымліваецца, што ты яшчэ павінен дзякаваць за тое, што незаконна канфіскаваную рэч табе вяртаюць», — адзначыў Наўседа.

Прэзідэнт Літвы таксама аспрэчыў сцвярджэнне Джона Коўла пра тое, што праблема шароў з кантрабандай вырашана. Паводле слоў Наўседы, гэтую праблему пакуль вырашыць не ўдалося.

«Нядаўнія атакі з выкарыстаннем шароў, на жаль, абвяргаюць здагадкі, пра якія казаў паважаны спадар Коўл, што праблему шароў у цэлым удалося вырашыць. На жаль, яе вырашыць не ўдалося, і гэта нават дэманстратыўна паказваецца — адразу пасля ад’езду спецыяльнага ўпаўнаважанага з Беларусі», — заявіў ён.

«Усё гэта дазваляе думаць, што пакуль мы не бачым добрай волі з боку Беларусі. Я б сказаў, што магчымасці для дыялогу з’яўляюцца тады, калі другі бок дэманструе жаданне развіваць — наколькі гэта магчыма — добрасуседскія адносіны. Калі на працягу пэўнага часу мы будзем бачыць, што сітуацыя стабільная і што беларускі рэжым сапраўды не стварае прамых пагроз Літве, тады кантакты і дыялог на пэўным узроўні магчымыя. Менавіта гэтага я і хацеў бы пажадаць», — сказаў кіраўнік літоўскай дзяржавы.

Прэм’ер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што Літва разгледзіць прапанову пасланца ЗША па Беларусі Джона Коўла правесці сустрэчу з Беларуссю на ўзроўні віцэ-міністраў, аднак для гэтага існуюць некалькі ўмоў. Пры гэтым кіраўніца ўрада падкрэсліла, што транзіт беларускіх угнаенняў з амерыканскім пасланцам не абмяркоўваўся — для гэтага няма ўмоў, бо цяпер дзейнічаюць санкцыі Еўрапейскага саюза.

Чытайце таксама:

«Трэба сесці і размаўляць». Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні міністраў

Прэм'ер Літвы: Можна разгледзець сустрэчу з Беларуссю на ўзроўні віцэ-міністраў, але ў Вільні ёсць умовы

Каментары да артыкула