БЕЛ Ł РУС

Дзяўчына з Масквы апісала, як яе дастаў у самалёце «п’яны мужык з СВА». Ёй параілі, што рабіць

29.03.2026 / 17:43

Nashaniva.com

«А што вы хацелі? Калі вы павыцягвалі зэкаў з турмаў, а пасля адправілі на вайну, яны могуць вярнуцца жывымі».

Фота: Threads

Дзяўчына з Масквы апісала ў Threads, як ляцела ў самалёце побач з расійскім вайскоўцам, які вярнуўся з фронту.

«Рэйс Масква — Уфа, узяла месца каля акна, каб паспаць.

І маім суседам аказаўся нейкі п’яны мужык з СВА з траўмаванай нагой. Увесь час пасадкі ўгаворваў мяне памяняцца месцамі, бо ён любіць глядзець у акно падчас узлёту.

Натуральна, я проста сказала яму «прабачце, але не, не магу, мне трэба паспаць, таму я ўзяла гэтае месца» (пасля я ўжо проста надзела навушнікі і ігнаравала яго). Бортправадніца таксама спрабавала яго супакоіць, кажучы, што яго спецыяльна пасадзілі каля праходу, каб было месца для яго выпрастанай пераматанай нагі».

Дзяўчына піша, што вайсковец даймаў яе і далей.

«Увесь час пасадкі даставаў з тым, каб я яму саступіла, калі ігнаравала яго, пачаў трэсці мяне за плячо, каб я адрэагавала, абазваў мяне тупой і дурніцай, паўтараў, што мы ўсе разаб’емся і памром і гэта будзе мая віна, і з парашутам ён та ўжо скакаў, таму выжыве, а я не.

Падкатваў да бортправадніцы, якая спрабавала яго супакоіць, даведаўшыся, што ў яе ёсць хлопец, сказаў, што знойдзе яго і выкіне яго за борт.

Дакапаўся да яшчэ аднаго вайскоўца, які праходзіў міма, з тым, што той з ім не павітаўся і адпаведна яго не паважае, і яшчэ куча ўсяго, чаго я ўжо не чула, бо была ў навушніках.

Урэшце ўсё абышлося, ён ад мяне адчапіўся і заснуў».

Але пасля палёту дзяўчыну хвалюе, «што ў такія моманты рабіць, куды дзецца, бо страшна і ніколі не ведаеш, што яны могуць зрабіць і што менавіта можа іх справакаваць, і ці ёсць спосаб такіх сітуацый пазбягаць».

Яе допіс сабраў больш за мільён праглядаў і амаль тры тысячы каментароў.

«Шліце данаты УСУ, каб менш «вашых хлопчыкаў» вярталася».

«А ўявіце, што будзе, калі яны ўсе вернуцца ў свае гарады».

«А што вы хацелі? Калі вы павыцягвалі зэкаў з турмаў, а пасля адправілі на вайну, яны могуць вярнуцца жывымі. Ну так, псіхіка з'едзе далёка ў такога суб'екта. Не разумею вашага абурэння. Вам сказалі ж, гэта новая эліта».

«Гатовы паспрачацца, ні вы, ні вашы бацькі не цікавіліся палітыкай».

«Вашы хлопчыкі вярнуліся, сустракайце герояў».

Але некаторыя расійскія патрыёты сталі даказваць дзяўчыне, што яна павінна паважаць гэтых вайскоўцаў, бо яны «рызыкуюць сваім жыццём, каб ты магла спакойна лятаць і спаць у самалёце».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула