Трамп напісаў, што з нецярпеннем чакае Лукашэнку ў ЗША
Ён таксама падзякаваў за вызваленых зняволеных.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сетцы Truth Social напісаў, што з нецярпеннем чакае сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
«На мінулым тыдні мой пасланнік па Беларусі, Джон Коўл, пасля перамоў з паважаным прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам дамогся вызвалення яшчэ 250 палітычных зняволеных! Такім чынам, агульная колькасць зняволеных, вызваленых прэзідэнтам Лукашэнкам з мая мінулага года, перавысіла 500 чалавек (насамрэч у выніку візітаў Коўла было вызвалена 438 чалавек — НН). Я хацеў бы выказаць прэзідэнту сваю самую шчырую падзяку за гэта і з нецярпеннем чакаю сустрэчы з ім на наступным пасяджэнні Рады міру!» — гаворыцца ў паведамленні Трампа.
Лукашэнка праігнараваў першае пасяджэнне Рады міру, што прайшло ў Вашынгтоне 19 лютага, спаслаўшыся на праблемы лагістыкі і занятасць справамі ў Беларусі.
Другое пасяджэнне плануецца, але калі і дзе, пакуль не вядома.