Трамп заявіў, што хоча валодаць іранскай нафтай і не супраць захопу вострава Харк
Прэзідэнт ЗША таксама сказаў, што не бачыць праблемы ў пастаўках расійскай нафты на Кубу.
Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Дональд Трамп заявіў, што хацеў бы завалодаць іранскай нафтай і не выключае захопу вострава Харк, праз які Іран экспартуе 90% нафты — галоўнай крыніцы даходаў краіны, піша Бі-бі-сі.
У інтэрв’ю Financial Times у нядзелю Трамп сказаў, што «хацеў бы захапіць нафту», параўнаўшы магчымы крок з сітуацыяй у Венесуэле, дзе ЗША нібыта маюць намер кантраляваць нафтавую прамысловасць «бестэрмінова» пасля захопу венесуэльскага лідара Нікаласа Мадура у студзені.
«Шчыра кажучы, я хацеў бы забраць нафту ў Іране, але некаторыя дурныя людзі ў ЗША кажуць: «Навошта вы гэта робіце?» Але яны дурныя людзі», — сказаў Трамп.
«Магчыма, мы захопім востраў Харк, а можа і не. У нас шмат варыянтаў», — дадаў ён.
Дональд Трамп таксама заявіў у нядзелю, што не бачыць праблемы ў пастаўках расійскай нафты на Кубу. Танкер з расійскай нафтай цяпер набліжаецца да вострава, і амерыканскія ўлады дазволяць яму дасягнуць пункта прызначэння, нягледзячы на абвешчаную ЗША энергетычную блакаду Кубы.
«Калі якая-небудзь краіна хоча цяпер адпраўляць нафту на Кубу, у мяне няма з гэтым праблем — няхай гэта будзе Расія ці хто-небудзь іншы», — заявіў Трамп.
Куба перажывае самы сур’ёзны эканамічны і энергетычны крызіс з часоў заканчэння Халоднай вайны, у значнай ступені з-за паліўнай блакады ЗША. На востраве амаль штодня адбываюцца адключэнні электраэнергіі, растуць цэны на лекі і прадукты харчавання.