БЕЛ Ł РУС

Статкевіч прапанаваў лозунг, які аб’яднае большасць беларусаў

30.03.2026 / 11:43

Nashaniva.com

Напружанасць у рэгіёне дасягнула крытычнай мяжы, а Беларусь усё глыбей уцягваецца ў ядзерную стратэгію Крамля. У сваім новым пасце Мікалай Статкевіч гаворыць пра небяспеку, якая можа ператварыць тэрыторыю нашай краіны ў «зону смерці».

Мінабароны паказала, як «Арэшнік» заступаў на баявое дзяжурства

Месяц таму я апублікаваў артыкул «Апакаліпсіс заўтра. Зона смерці на «Балконе». Гэты матэрыял меў пэўны рэзананс. Ды і развіццё падзей, новая інфармацыя пераконваюць мяне ў слушнасці выказаных засцярог. Таму мушу зноў вярнуцца да тэмы таго артыкула. Паразважаем пра матывы тых, хто гатовы стварыць ядзерны апакаліпсіс на нашай зямлі, і іх магчымасці зрабіць гэта.

Сітуацыя ў нашым рэгіёне робіцца ўсё больш складанай і напружанай. Масква, відавочна, прайграла Украіну. Напад на Украіну быў для Крамля працягам даўно прайгранай халоднай вайны з НАТА. Справа ў тым, што ідэя імперскага рэваншу з’яўлялася і з’яўляецца навязлівай ідэяй значнай часткі расійскага грамадства. Можна нават сказаць — сучаснай расійскай нацыянальнай ідэяй, якую ўлічвае і выкарыстоўвае кіроўны ў Расіі рэжым. Няўдача ва Украіне, асабліва на фоне эканамічных цяжкасцяў, можа прывесці да сацыяльнага і палітычнага крызісу і пагрозы для ўлады. Расейцы даруюць цару мільёны ўласных, а тым больш чужых ахвяр, але не даруюць паразаў.

Для аўтакратаў абсалютная ўлада з’яўляецца каштоўнасцю сама па сабе. Для іх яна — моцны наркотык, адмовіцца ад якога немагчыма. Яны атаясамяць сябе з дзяржавай, а некаторыя нават са сваёй краінай. Напрыклад, сваіх палітычных праціўнікаў яны называюць «ворагамі дзяржавы». А прэзідэнт Расіі сцвярджае, што калі ў РФ не атрымаецца далучыць да сваёй тэрыторыі ў 17,1 млн км яшчэ некалькі соцень квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі, то «Расія загіне».

Не думаю, што наша ўсходняя суседка загіне з-за гэтага, бо неяк жа яна існавала з 1991 па 2014 год без чужых земляў. Іншая справа, што сам Пуцін можа страціць уладу, што ў яго ўяўленні, напэўна, з’яўляецца катастрофай, роўнавялікай гібелі ўсёй Расіі. Страта ўлады пагражае не толькі звыкламу ладу жыцця аўтакратаў, але часта і самому іх жыццю. Таму дзеля ўлады яны гатовыя на ўсё.

Прайграўшы ва Украіне, Масква мусіць шукаць іншых ахвяр для новай спробы «маленькай пераможнай вайны», для чарговай спробы нанесці паразу Захаду.

Найбольш імаверна, што наступным аб’ектам нападу плануюцца краіны Балтыі. Але ўпэўненасці ў сваім поспеху пасля чатырох гадоў безвыніковай і стратнай вайны з Украінай у расійскіх генералаў істотна паменшала. Яны не разлічваюць ужо на ўдалы бліцкрыг, бо еўрапейскія краіны, хай марудна, але рыхтуюцца да адпору.

А зацягванне канфлікту, калі на дапамогу краінам Балтыі прыйдуць іх еўрапейскія саюзнікі, вядзе да непазбежнай паразы Масквы. І не толькі з-за розніцы ў эканамічным, дэмаграфічным і тэхналагічным патэнцыяле, але і з-за рэзкага зніжэння, у параўнанні з мінулым, баявога патэнцыялу расійскіх салдат.

Справа ў тым, што найбольш паспяховыя войны Расійская імперыя вяла, выкарыстоўваючы ў якасці салдат рабоў.

Ад пачатку XVIII стагоддзя расійскае войска фарміравалася з прыгонных сялян, якіх забіралі ў яго спачатку пажыццёва, а потым — на 25 гадоў. Даведзеныя муштрой і жорсткімі пакараннямі да неўратычнага стану, яны былі страшнымі праціўнікамі, асабліва ў бліжнім баі, і жахам для мірнага насельніцтва.

З канца XIX стагоддзя, пасля вызвалення сялян з рабства і пераходу на мабілізацыйны прынцып фарміравання войска з адносна вольных людзей, Расія стала цярпець паразы ў войнах.

Тэндэнцыю спыніў Сталін, калі сяляне ў калгасах былі зноў ператвораныя ў прыгонных. А калі былі ўведзеныя загараджальныя атрады НКВД, калі сталі караць блізкіх салдата за яго ўцёкі з поля бою, калі СМЕРШ адпраўляў на расстрэл за любыя праявы незадаволенасці, зноў стала магчымым кідаць у лабавыя атакі на нямецкія кулямёты вялікія масы войскаў.

Савецкая армія стала перамагаць коштам каласальных страт. Зараз у Расіі рабства нібыта няма, хіба што акрамя зняволеных, запас якіх не бязмежны.

Дэмаграфічны патэнцыял некалі шматлюднай і бяспраўнай вёскі амаль вычарпаны. Набраныя ж за вялікія грошы з дэпрэсіўных рэгіёнаў ці мабілізаваныя салдаты пакорліва і масава паміраць не хочуць. Калі ж улічыць заўсёдныя ў расійскім войску карупцыю і крадзеж, то робіцца зразумелым, што сіла расійскага войска ва ўяўленні знешніх назіральнікаў была відавочна пераацэненая.

Таму, каб павялічыць шанцы на поспех у будучым канфлікце, Масква разглядае і варыянт прымянення ядзернай зброі з мэтай паралізаваць волю еўрапейцаў і прымусіць іх да міру на ўмовах Крамля, а таксама перашкодзіць войскам іншых еўрапейскіх краін прыйсці на дапамогу Балтыі.

Каб пазбегнуць у адказ ядзернага ўдару па сваёй тэрыторыі, па ўсіх прыкметах, Масква рыхтуе прымяненне ядзернай зброі супраць заходніх краін з тэрыторыі Беларусі, якая і павінна стаць аб’ектам зваротнага ўдару.

У Беларусі ў раёне Асіповіч ужо размешчаны ракетныя комплексы «Іскандэр», здольныя несці ядзерныя боегалоўкі.

Зараз на нашай тэрыторыі размяшчаюць мадыфікаваную міжкантынентальную балістычную ракету «Ярс», якая пасля памяншэння ўдвая яе дальнасці атрымала назву «Арэшнік». Але галоўнае — у раёне Крычава будуецца сховішча для ядзерных боегаловак, хутчэй за ўсё, для «Арэшнікаў», «Іскандэраў» і тактычных ядзерных авіябомбаў.

Справа ў тым, што ў расійскай арміі, а раней — у савецкай, ядзерныя боегалоўкі захоўваліся не побач з іх носьбітамі, як у НАТА, а ў адмысловых сховішчах — вельмі дарагіх умацаваных збудаваннях, дзе падтрымліваюцца пастаянныя тэмпература, ціск і вільготнасць. У пагрозлівы перыяд ці падчас рэгулярных трэніровак боегалоўкі аўтакалонамі вывозяцца са сховішча да носьбітаў (сродкаў дастаўкі).

Тое, што Масква будуе такі дарагі і складаны аб’ект у Беларусі і ўжо арганізавала яго супрацьпаветраную абарону, сведчыць, што на нашай зямлі будзе стала размешчана вялікая колькасць ядзерных боегаловак. І не таму, што ў Расіі не хапае зямлі для іх размяшчэння, а з канкрэтнымі мэтамі.

Нам трэба шукаць шляхі, як прадухіліць выкарыстанне нашай зямлі для агрэсіі супраць краін Балтыі і для нанясення ядзерных удараў. Прычым прадухіліць, пазбягаючы прамога ўзброенага канфлікту краін НАТА з Расіяй на нашай зямлі.

Усё прыйдзецца вырашаць самім беларусам.

Я ўжо пісаў пра свае прапановы. Іншага рэальнага шляху да вызвалення і захавання нашай краіны, а таксама міру ў рэгіёне ў нас няма.

Галоўнае — своечасова ўсвядоміць рэальнасць небяспекі і не спазніцца з неабходнымі мерамі.

Надыходзіць час, калі лозунг «За нейтральную бязядзерную Беларусь!» робіцца праграмай нацыянальнага выжывання, здольнай аб’яднаць большасць беларусаў, незалежна ад іх поглядаў і месца жыхарства.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула