Побач з Мінскам прадаюць дачу беларускага пісьменніка
У садовым таварыстве саюза беларускіх пісьменнікаў «Узгор'е-2» выставілі на продаж дачны дом, у якім жыў беларускі пісьменнік Алесь Бачыла, заўважыла выданне Realt.by.
Фота: Realt.by
Садовае таварыства «Узгор'е-2» знаходзіцца за 17 кіламетраў ад Мінска ў Маладзечанскім напрамку і за чатыры кіламетры ад Заслаўя. З Мінска туды ходзіць маршрутка і аўтобус ад станцыі метро «Пушкінская». Ад дома прыпынак за дзесяць хвілін хады.
Таварыства размяшчаецца на горцы і акружана лесам. Два разы на тыдзень туды прыязджае аўталаўка. Дарогу да таварыства чысцяць і зімой, некаторыя суседзі жывуць тут круглы год. Увесь сезон працуе і крама.
Дача, выстаўленая на продаж, двухпавярховая. На першым паверсе — два пакоі і кухня. Другі паверх мансардны, там трэба рабіць рамонт. Агульная плошча — 56 квадратных метраў. Дом са зруба. Вада тут сезонная, а ацяпленне пячное.
Плошча ўчастка — 4,28 соткі. На ім высаджаны газон. Ёсць летняя кухня.
Агент, які займаецца продажам, кажа, што гэта дача Алеся Бачылы — беларускага пісьменніка, які нарадзіўся ў 1918‑м і памёр у 1983 годзе. Алесь Бачыла быў заслужаным дзеячам культуры БССР, ён вядомы як паэт, празаік, драматург, перакладчык і рэдактар. Беларусы могуць ведаць аўтара па вершах, якія вучылі ў школе, а яшчэ менавіта Бачыла — аўтар знакамітай песні «Радзіма мая дарагая», якая адзін час нават прэтэндавала на ролю дзяржаўнага гімна.
Дача беларускага пісьменніка выстаўлена на продаж за 20 тысяч даляраў.
Чытайце таксама:
Расіяне задумаліся пра пераезд у Беларусь. Чаму для іх тут так мёдам намазана?
Як пераўтвараюць пляцоўку каля Палаца спорту — рэканструююць зону фантана, зробяць міні-кафэ ФОТЫ
У Мінску будуць будаваць крыты скаладром
У Ждановічах пад Мінскам будуць будаваць касцёл з гасцявым домам