БЕЛ Ł РУС

У Літве да 50% знізяць цэны на чыгуначныя квіткі на фоне падаражання паліва

31.03.2026 / 13:18

Nashaniva.com

У адказ на рост цэн на паліва прынята рашэнне часова знізіць кошт усіх чыгуначных білетаў у Літве. Новая цэнавая палітыка будзе дзейнічаць з красавіка да пачатку лета, паведамілі ўрад і літоўская чыгунка, піша LRT.

Фота: ltglink.lt

«Рост цэн на паліва сёння закранае кожнага жыхара Літвы, таму адказ урада павінен быць хуткім, канкрэтным і адчувальным. <…> Мы ўжо прынялі рашэнне выпусціць частку паліўнага рэзерву — гэта быў наш першы крок. Таксама Міністэрства фінансаў узгадніла з Еўрапейскай камісіяй часовае зніжэнне акцызу на дызельнае паліва. Але мы шукаем рашэнні, якія дазволяць ужо цяпер знізіць паўсядзённыя выдаткі людзей. <…> Таму мы прынялі рашэнне на два месяцы — красавік і май — знізіць цэны на чыгуначныя білеты ўдвая», — заявіла ў аўторак прэм’ер-міністр Інга Ругінене.

З красавіка да пачатку лета пасажыры змогуць набываць білеты на паездкі па ўнутраных маршрутах са зніжкай 50%. Паводле слоў прэм’ер-міністра, чакаецца, што гэта мера заахвоціць жыхароў перасесці на грамадскі транспарт.

Чакаецца, што за гэтыя два месяцы цягнікамі скарыстаюцца каля 1,2 млн пасажыраў. Мяркуецца, што дзякуючы зніжкам пасажырапаток вырасце яшчэ на 200 тысяч чалавек. Для бюджэту Літвы гэта рашэнне абыдзецца прыкладна ў 1,5 млн еўра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула