БЕЛ Ł РУС

Макей згадваецца ў «нататніках Беразоўскага»

18.02.2011 / 00:43

Мікола Бугай

Расійскія сілавікі заявілі пра раскрыццё сеткі падпольных казіно, сляды ад якой вядуць да БАБ. І захоп шматлікіх дакументаў.

У Расіі буйны скандал, які можа перакінуцца на Беларусь: расійскія сілавікі заявілі пра раскрыццё сеткі падпольных казіно, сляды ад якой вядуць да БАБ. І пра захоп шматлікіх дакументаў.

У нататніку Беразоўскага ці ягонага кампаньёна згадваюцца беларускія справы.

Сярод справаў з былога СССР ёсць і беларускія інтарэсы.

А гэта каштарыс рэйдэрскага захопу прадпрыемства ў Кіргізіі.

Тут жа валяўся пашпарт Івана Рыбкіна - даўняга пратэжэ Беразоўскага.

Назараў (злева, стаіць) дзейнічаў пад «крышай» намесніка пракурора Маскоўскай вобласці (стаіць справа).

Назараў дзейнічаў пад «крышай» намесніка пракурора Маскоўскай вобласці (справа).

14 лютага расійская міліцыя заявіла пра раскрыццё сеткі падпольных казіно ў Маскоўскай вобласці. Скандал стаў абрастаць падрабязнасцямі. Аказалася, што сетку крышаваў намеснік пракурора вобласці.

Арганізатарам сеткі выступаў нейкі Іван Назараў. У гэтага 30-гадовага дзялка сканфіскавана шмат каштоўнасцяў і дакументаў. Міліцыя пайшла па ланцужку абшукваць офісы бізнэсоўца.

У яго цэнтральным офісе ў галерэі «Трыумф» у цэнтры Масквы знайшліся карціны Пікаса і Рэмбрандта агульным коштам звыш пяці мільёнаў даляраў.
Тамсама было больш за 60 пячатак фірмаў-аднадзёнак, а таксама цэлыя стосы дакументаў, якія следства звязвае са збеглым алігархам Барысом Беразоўскім. У гэтым сама памяшканні раней змяшчаўся Дом прыёмаў кампаніі Беразоўскага, што называлася «Логоваз».

Што цікава, частка гэтых дакументаў адразу трапіла ў СМІ. Іх апублікавала «Комсомольская правда». Гэта паказвае, што за скандалам можа нешта стаяць. І што таксама цікава — частка апублікаваных дакументаў датычаць Беларусі.

У прыватнасці, выяўлены нататнік. Паводле «Комсомольской правды» ён мог належаць самому Беразоўскаму. Але аналіз даступных старонак з яго сведчыць хутчэй пра тое, што ім мог карыстацца Назараў ці іншая давераная асоба збеглага алігарха. «Узнать для Борі» — гаворыць адзін з запісаў.

На адной з апублікаваных старонак ёсць выразныя занатоўкі, дзе згадваецца Макей (прозвішча супадае з прозвішчам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, які лічыцца лідарам празаходняй групоўкі ў атачэнні Лукашэнкі). Побач згадваюцца «Белнафтахім», адносіны Беларусі з Грузіяй і Клаўс Мангольд — кіраўнік Усходняга камітэта нямецкай эканомікі, які бываў у Мінску. На другой старонцы, у ліку аперацый у краінах былога СССР згадваецца пасёлак у Мінску.

Аператыўнікі адзначаюць, што многія знойдзеныя паперы Барыса Беразоўскага (які цяпер жыве пад новым іменем Платон Яленін) датаваныя канцом 2010 года. Нагадаем, з 20 верасня 2001 года ён знаходзіцца ў вышуку ў РФ і афіцыйна пражывае ў Лондане.

Па словах былога вязня беларускага КДБ амерыканскага адваката Эмануіла Зельцэра, Беразоўскі асабіста ўдзельнічаў у судзе над ім два гады таму. Фільм НТВ «Хросны бацька» гаварыў пра сувязі між Лукашэнкам і Беразоўскім.

Цяжка сказаць, ці сапраўдныя гэтыя дакументы. Калі яны праўдзівыя, гэта сведчыць пра сувязі найвышэйшых беларускіх чыноўнікаў з сумнеўнымі дзялкамі. Калі яны сфальшаваныя, гэта азначае шматхадовую камбінацыю расійскіх спецслужбаў, скіраваную супраць кіраўнікоў Беларусі.
У кожным разе, іх публікацыя — гэта ўдар па рэпутацыі Уладзіміра Макея і Аляксандра Лукашэнкі.

Чытайце больш пра справу «папераў Беразоўскага» ў «Нашай Ніве» заўтра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула