БЕЛ Ł РУС

«Цяпер Беларусь не прыдатная для чэмпіяната свету па хакеі»

13.03.2011 / 19:18

Гомельскі абласны форум дэмакратычных арганізацыяў прыняў зварот да Міжнароднай федэрацыі хакею з шайбай.

Гомельскі абласны форум дэмакратычных арганізацыяў, які праходзіў у абласным цэнтры 12–13 сакавіка, прыняў заяву наконт пераследу палітычных апанентаў улады і зварот да Міжнароднай федэрацыі хакею з шайбай.

У заяве ўдзельнікі форуму канстатуюць: жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі 19 снежня з масавымі арыштамі, шматлікімі ператрусамі і допытамі пасля галасавання паказалі, што «беларуская аўтарытарная ўлада гатова на любыя правакацыі супраць грамадзянскай супольнасці, супраць людзей, якія маюць грамадзянскую пазіцыю, з мэтай не дапусьціць дэмакратычных пераўтварэнняў». За гэтым стаіць страх згубіць уладу і «ўсведамленне адсутнасці падтрымкі большасці насельніцтва, імкненьне запалохаць актывістаў дэмакратычных арганізацыяў і грамадства ў цэлым».

Абласны дэмакратычны форум заявіў: «крымінальныя справы, распачатыя падчас прэзідэнцкай кампаніі, у першую чаргу ў дачыненні ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты, з’яўляюцца сфабрыкаванымі і носяць характар палітычнай расправы над апанентамі ўлады. Усе крымінальныя справы павінны быць без прамаруджвання закрыты, арыштаваныя і асуджаныя вызвалены, а прысуды адменены».

На думку ўдзельнікаў форуму, іншага шляху дзеля пераадолення ўнутранага й замежнапалітычнага крызісу, у якім Беларусь апынулася пасля жорсткага разгону мірнай акцыі, не існуе.

У звароце да Міжнароднай федэрацыі хакею Гомельскі дэмакратычны форум просіць адмяніць правядзенне ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, калі беларускія палітычныя вязні «не будуць адпушчаныя на волю, а іхнія крымінальныя справы ня будуць поўнасцю спынены».

У звароце сказана, што цяпер Беларусь не прыдатная для такой значнай спартыўнай падзеі, як чэмпіянат свету па хакеі: «Нельга наагул святкаваць і весяліцца, калі дзясяткі сумленных людзей не могуць быць у шэрагах заўзятараў, нявінна знаходзячыся за кратамі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула