БЕЛ Ł РУС

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае да ўдзелу ў нацыянальных зімовых уліках птушак

5.01.2012 / 10:09

На працягу студзеня грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) праводзіць Нацыянальныя зімовыя ўлікі птушак — 2012. Акцыя праходзіць пры падтрымцы Навукова-практычнага цэнтра НАНБ па біярэсурсах, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства адукацыі, будаўнічага холдынгу «Сармат».

Узяць удзел у зімовых уліках могуць усе ахвотныя. Для гэтага неабходна выканаць пяць простых правілаў: вызначыць любы са студзеньскіх дзён (можна некалькі), калі будзе зручна правесці назіранні і ўлікі птушак; падрыхтаваць блакнот і ручку для запісу, па магчымасці бінокль і вызначальнік птушак; вызначыць месца і прыкладны маршрут, які можа пралягаць як у лесе, гэтак і ў горадзе; падчас улікаў палічыць сустрэтыя віды птушак, запісаць назвы відаў і іх колькасць, адзначыць колькасць птушак, якіх не ўдалося вызначыць; занесці звесткі ў анлайн-анкету на сайце АПБ (www.ptushki.org).

Традыцыйна сярод усіх удзельнікаў птушак будуць разыграны палявыя біноклі, вызначальнікі птушак і іншыя падарункі, карысныя тым, хто цікавіцца птушкамі.

«Сёння мы назіраем дастаткова цёплую зіму, — зазначыў у інтэрв’ю БелаПАН спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, — бачым, што нават некаторыя асобіны відаў птушак, якія з’яўляюцца пералётнымі, застаюцца ў нас на зімоўку. Менавіта зімой некаторыя віды птушак прылятаюць бліжэй да людзей, селяцца ў вялікіх гарадах — тут прасцей пракарміцца, дый людзі дапамагаюць у гэтым, тут цяплей і мякчэйшы мікраклімат».

Паводле слоў Шайкіна, апрача звыклых для нашых шыротаў птушак у гарадах можна сустрэць і незвычайныя віды: напрыклад, летась на Свіслачы ў парку імя Горкага назіралі на зімоўцы вераб’інага сыча і качку-свіцьву, якая ў Беларусі сустракаецца толькі падчас веснавой і восеньскай міграцыі. Птушак у Мінску можна назіраць найперш у парках — Лошыцкім, Чалюскінцаў, Горкага, а вадаплаўных — на ўчастках Свіслачы, якія не замярзаюць. Прычым апрача ўжо звыклых крыжанкі і лебедзя-шыпуна тут можна ўбачыць і дастаткова незвычайных для зімовага горада шэрую чаплю, лутка, крахалёў.

На пытанне, ці трэба падкормліваць птушак, эколаг адказаў так: «Што тычыцца дробных пеўчых птушак, іх, безумоўна, можна падкарміць, таму што ў іх хутка адбываецца абмен рэчываў і часам яны маюць патрэбу ў нашай дапамозе: у халады — большай, у мяккае надвор’е — меншай. З вадаплаўнымі сітуацыя больш складаная: прыкормліваць іх мы не рэкамендуем, можа толькі пры рэзкім і значным паніжэнні тэмпературы. Гэтыя птушкі вельмі лёгка прывыкаюць да корму, які прапануюць людзі, і страчваюць матывацыю знаходзіць ежу самастойна. Потым яны застаюцца ў гарадах і трапляюць у поўную залежнасць ад чалавека, іх колькасць неапраўдана ўзрастае».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула