БЕЛ Ł РУС

Не прайшоў ўзгаднення з Дрыгай?

10.01.2012 / 14:49

nn.by

Вайцюшкевічу не дазволілі правесці традыцыйны канцэрт на 8 Сакавіка.

Запланаваны на 8 Сакавіка традыцыйны сольны канцэрт барда Змітра Вайцюшкевіча не дазволены ўпраўленнем культуры Мінгарвыканкама.

Па інфармацыі «Тузіна Гітоў», выступ Вайцюшкевіча не прайшоў ўзгаднення з начальнікам упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі адміністрацыі прэзідэнта і намеснікам начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі прэзідэнта Ірынай Дрыгай.

«Давядзецца прыняць за дадзенасць і далей сядзець у падполлі ды пакрысе рабіць падкоп знізу», — жартуе Вайцюшкевіч.

Бліжэйшыя свае канцэрты выканаўца адыграе на Падляшшы (Польшча): 15 студзеня ён выступіць у Сувалках, 16-га — у Манетах, 17-га у Доме культуры Гарадка.

Зазначым таксама, што бард даў паспяховыя сольныя канцэрты ў маскоўскім клубе «Китайский летчик Джао Да» і ў абласной філармоніі ў Іркуцку.

Так, канцэрт у Іркуцку 7 студзеня сабраў 300 чалавек, у асноўным мясцовых беларусаў. «Мяне прыемна падзівіла тая прыязнасць, з якой мяне сустракалі. Ледзь не парвалі на кавалкі! Потым я дазнаўся, што ў Іркуцкай вобласці беларускае жыццё віруе як нідзе. Беларуская суполка там самая актыўная і беларусы паўсюль. Прычым сваім сцягам яны лічаць менавіта бел-чырвона-белы. Ну і канечне, сам горад уразіў, вельмі прыгожы. Раю ўсім там пабываць», — сказаў спявак.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула