Вікінг родам з Беларусі
Віталь працаваў юрыстам на фірме, а пасля стаў кавалём і ваяром.
Віталю падабаецца быць кавалём.
Сучасныя вікінгі ладзяць маштабныя сустрэчы-"бітвы".
Лагер вікінгаў.
Лагер вікінгаў.
Часам хлопцы ідуць у лес на некалькі дзён, каб пажыць жыццём продкаў.
Асаблівае для кожнага беларуса месца — старажытны Полацк. Гэта скарбніца, ад якой пачаўся наш крывіцкі свет, яго дзяржаўнасць і незалежнасць. Шмат гадоў таму — буйны цэнтр гандлёвых і культурных зносін, месца сустрэч народаў. Тут, па рацэ Палаце, прахадзіў знакаміты шлях з варагаў у грэкі.
Варагамі ці свеямі славяне называлі тых самых легендарных ваяроў, бясстрашных марскіх ваўкоў і заваёўнікаў — вікінгаў.Тых, хто раней за Калумба апынуўся ў Амерыцы, заснаваў паселiшчы ў Ісландыi, натаптаў па ўсёй Еўропе і паўсюль пакінуў сімвалы сваёй гераічнасці і нават нейкай казачнасці.
Паўночны народ пакінуў глыбокі след і на нашай беларускай зямлі. Магутны князь Рагвалод, яго знакамітая дачка Рагнеда, славутыя нашчадкі Брачыслаў Ізяслававіч, Усяслаў Чарадзей і нават святая Еўфрасіння — належаць да адзінага княскагаскандынаўска-полацкага роду.
— Але нельга называць вікінгаў асобным народам, — кажа сучасны вікінг Віталь Калбасін. — У часы Ранняга Сярэднявечча, любы чалавек з паўночных краін, які сеў з іншымі ваярамі на карабель і адправіўся на пошук прыгод, славы і невядомых краін мог называцца вікінгам.
Сапраўднага вікінга я сустрэў у Мінску… у метро. У адным са мной вагоне ехаў дужы хлопец з дзвюма доўгімі коскамі на барадзе. Віталь Калбасін ганарліва кліча сабе беларускім вікінгам.
— Балцкая культура, да якой далучаюць і Беларусь, вельмі многа ўзяла са скандынаўскай, і наадварот. Гэта можна ўбачыць і ў беларускіх казках, паданнях, самой гісторыі. Напрыклад, усім вядомы міфы аб ваўкалаках.Кажуць, гэтымі ператварэннямі забаўляўся сам князь Усяслаў Чарадзей.
Віталь уваходзіць у адзін з самых знакамітых клубаў
Аб міфах і марах
— Заўжды марыў сфатаграфаваць вікінга ў традыцыйнай шапцы з рагамі…
— Па праўдзе сказаць, гэткіх шапак у вікінгаў ніколі не было. Барадаты мужык ў шаломе з рагамі — гэта міф, які чамусьці стаў папулярным. Не было знойдзена ніводнай магілы, дзе б захаваўся гэты дзіўны галаўны ўбор. Ды ў ім, нават, змагацца нязручна!
Гісторыя майго суразмоўцы дзіўная. Віталь скончыў універсітэт і працаваў юрыстам на фірме па спецыяльнасці.
Сядзеў сабе ў цёплым кабінеце і хадзіў у белай кашулі. Але марыў аб зусім іншай, асаблівай працы… Сапраўды цікавай і сапраўды мужчынскай у яго разуменні — працы каваля.Цяпер Віталь працуе ў адной з мінскіх фірмаў і займаецца мастацкай коўкай.
— Я здзейсніў мару і стаў займацца тым, што мне падабаеца. У нас чамусьці прынята лічыць, што ручная праца — справа не вартая павагі. Толькі потым зразумелі, што гэта не жарт, а сапраўднае рамяство. Я атрымліваю асалоду ад яго. У коўцы можна бясконца ўдасканальвацца, нельга адразу стаць добрым кавалём. Гэта такое ж мастацтва, як і літаратура альбо музыка.
Вікінгі славіліся кавальскім майстэрствам на ўвесь свет. Многія з іх былі не толькі добрымі ваярамі, але і
Этнічная рэлігія, ці бабуля з Палесся
Віталь паказаў мне свае маленькія скарбы. На шыі ў яго молат Тора — аднаго з найбольш паважаных багоў у скандынаўскім эпасе, на руцэ — бранзалет. Такi ж, які насiлi ў часы вiкiнгаў. Вікінгі лічылі, што Тор аберагае людзей ад злых волатаў, надзвычай высокіх і дужых істот. Вікінгі лічылі, што волаты раней жылі на тэрыторыі сучаснай Швецыі ды часткі Еўропы.
Міфы Беларусі кажуць аб тым, што калісьці ў спрадвечныя часы,волатамі-асілкамі была населеная наша краіна.
— Ведаеш, гэтыя рэчы зусім не цацкі, — Віталь зірнуў на бранзалет, — яны частка майго свету. Некаторыя людзі, як і я, зараз трымаюцца так званай «традыцыйнай» рэлігіі. Яна заснаваная на старажытных вераваннях, традыцыях і асаблівых звычках народа. Шматлікія краіны, якія прынялі хрысціянства не адмовіліся ад каранёў продкаў, поглядаў да жыццё. Этнічныя рэлігіі ў скандынаваў і беларусаў фармавалася доўгі час, і яны вельмі падобныя. Напрыклад, амаль усе народы Еўропы святкавалі зімовае сонцастаянне — нараджэнне новага сонца, гэта было самае галоўнае свята. Цяпер, у наш час, у гэты дзень святкуецца каталіцкае Раство.
— Што менавіта для цябе «традыцыйныя рэлігія»?
— Вяртанне да сваіх каранёў. Гэта вопыт, які мы збіралі тысячагоддзямі. Ён перадаваўся нашчадкам не проста так. Дарэчы, часта гэта ўсім вядомыя рэчы. Сувязь чалавека з сіламі прыроды, космасам. Тваё цела, твой дух, ты сам — неабходная частка нашага Сусвета. Гэта законы кармы: калі робіш нешта дрэннае, гэта вернецца да цябе, тваіх нашчадкаў. Цяпер гэта тое, аб чым кажуць ёгі ды індуісты, але ўсе гэта добра ведалі нашыя продкі. Гэта ісціны, якія некалі даўно здабыў чалавек. Мая бабуля была з Палесся, якое і ў наш час славіцца сваімі асобнымі абрадамі, поглядамі на жыццё і наогул увесь свет. Мабыць, таму мне многае ад яе перадалося.
З салам ды сякерай
Вікінгам называўся той, хто хадзіў у паходы. Мінскія вікінгі не выключэнне. Але паходы іх- нешта зусім асаблівае. Уявіце сабе, як
невялічкі атрад хлопцаў з бародамі і ў дзіўным адзенні ў моцныя снежаньскія маразы выпраўляецца ў лес. Жывуць там некалькі сутак, як жылі ў паходах сапраўдныя жыхары Ранняга Сярэднявечча.
— Мы імкнемся браць з сабой толькі тыя рэчы, якія маглі выкарыстоўваць сапраўдныя вікінгі. Мабільнікі, усю электроніку — пакідаем у хаце. Не апранаем сучаснае адзенне. З ежы таксама тое, што маглі старажытныя людзі браць з сабой — вяленае мяса, сушаная рыба, гародніна, сала… Заўсёды спраўляем старажытныя бітвы, розныя гульні ды забавы. На такія дзействы з’язджаюцца рэканструктары з Расіі, Украіны, Літвы, і мы таксама шмат падарожнічаем. I кожны з нас ў сваёй вобласці маленькі гісторык.
— Мяркуючы па нашай размове, сёння вікінгамі не нараджаюцца, а становяцца…
— Так, сапраўды. Вікінгі — гэта рамантыка, у ёй усім знаёмы мужчынскі дух вандровак і вольнага паветра. Але што яшчэ патрэбна сапраўднаму вікінгу? Дзяўчына, як без яе! Тое, што беларускія прыгажуні здзіўляюць увесь свет — не навіна, які б вікінг тут выстаяў! Таму, многія заставаліся ў Беларусі. Ды і беларусам па пачуццях, стаўленні да жыцця: паўночныя народы вельмі блізкія. Мабыць таму, што мы столькі часу сябруем.
Віталь марыць аб сваёй кузні. А таксама — трапіць на другую радзіму, у Швецыю. Краіну, з якой пачынаўся той самы знакаміты шлях «з вараг у грэкі». Мяркуецца, у хуткім часе гэтая мара здзейсніцца. Само слова «вандраваць» паходзіць ад скандынаўскага «vandra». Як кажуць, выпадковасцяў не бывае.
* * *
Засталося толькі ўзяць каментар у сапраўднага вікінга, які пачаў свой шлях «з вараг у грэкі» ужо даўно, ды яшчэ па дарозе добра вывучыў беларускую мову. Гэта самы знакаміты швед Беларусі — паважаны пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.
«За гады працы ў Беларусі я зразумеў, што нас, шведаў ды беларусаў, шмат што лучыць, — кажа Эрыксан. — Вядома, існуе мноства навуковых пацверджанняў агульнай гістарычнай і культурнай спадчыны. Аднак гэтыя кантакты паміж нашымі народамі пераважна мелі месца ў гістарычнай мінуўшчыне. Таму
падчас вандровак па Беларусі мне было надзвычай цікава даведацца, што, нягледзячы на вялікую гістарычную адлегласць, дагэтуль людзі захоўваюць надзіва шмат успамінаў пра стасункі паміж Скандынавіяй і Беларуссю, большасць з якіх сягае ў даўніну стагоддзяў!Што тычыцца менталітэту і характару, хацеў бы адзначыць, што мы сапраўды маем шмат агульнага. Магчыма, сваю ролю тут адыграюць геаграфічнае становішча і клімат, але мне падабаецца ідэя пра тое, што агульныя кантакты ў далёкім мінулым маглі таксама паўплываць на фармаванне агульных каштоўнасцяў і рысаў характару, якія мы маем сёння. Таму шлях „з вараг ў грэкі“ на тэрыторыі Беларусі існуе і цяпер».