Грамадзянін Шры-Ланкі змахлярыў у Гомелі на 600 млн рублёў
Грошы браў на бізнэс, якія ў выніку прысвойваў.
Па інфармацыі УУС Гомельскага аблвыканкама, крымінальная справа на грамадзяніна Шры-Ланкі заведзена па ч.4 арт.209 КК (махлярства). 31-гадовы мужчына з’яўляўся дырэктарам замежнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства. У Гомелі ён пазычаў грошы, ад пачатку не збіраючыся іх вяртаць.
З ліпеня 2011-га да сакавіка 2012-га шляхам заключэння дамоваў пазыкі на развіццё бізнэсу і складання распісак ён атрымаў 57635 даляраў, 1000 еўра, 83,9 млн рублёў, якія ў выніку прысвоіў.
Грамадзяніну Шры-Ланкі пагражае пазбаўленне свабоды на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.