БЕЛ Ł РУС

Аляксандр Рыбак хоча купіць лецішча ў Беларусі

13.07.2012 / 9:46

Нарвежскай публіцы падабаецца, калі артысты выходзяць на сцэну без грыму і фанаграмы. «Тут усе хочуць, каб я загрыміраваўся і ўзяў з сабой пабольш танцораў», — сказаў ён.

Нарвежскі музыкант беларускага паходжання, пераможца конкурсу «Еўрабачанне-2009» Аляксандр Рыбак прызнаўся, што хацеў бы купіць лецішча ў Беларусі, каб часцей наведваць сваіх сваякоў. Пра гэта спявак расказаў журналістам падчас праграмы «Зорная гадзіна» ў межах XXI фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».

Паводле слоў Рыбака, у Віцебску ў яго ёсць шасцігадовая пляменніца, якую ён бачыў усяго два разы, але падчас апошняй сустрэчы падарыў ёй на дзень нараджэння білет у парк атракцыёнаў.

Музыкант прызнаўся, што вельмі любіць дзяцей і ў Нарвегіі часта дапамагае дзіцячым аркестрам, з якімі займаецца па тры-чатыры дні перад іх канцэртамі.
Да таго ж Рыбак рыхтуе для іх спецыяльныя сучасныя аранжыроўкі, каб паказаць, што скрыпку можна выкарыстоўваць нетрадыцыйна.

Спявак расказаў, што дзеля дзяцей яму часам даводзіцца адмаўляцца, да прыкладу, ад прыбытковых карпаратываў у Маскве.

Два месяцы таму Аляксандр Рыбак атрымаў дыплом і цяпер з’яўляецца «майстрам па скрыпцы». Ён расказаў журналістам, што піша, у асноўным, нефарматную музыку, але часам яму хочацца пісаць песні, якія падыходзяць для ратацыі на радыёстанцыях.

Акрамя таго, музыкант адзначыў, што падбірае розны рэпертуар для канцэртаў у заходніх і ўсходнеславянскіх краінах. «У Фінляндыі я часам спяваю па-фінску, у Расіі і Беларусі ў мяне больш расейскамоўных песень», — патлумачыў ён.

Паводле слоў Рыбака, нарвежскай публіцы падабаецца, калі артысты выходзяць на сцэну без грыму і фанаграмы. «Тут усе хочуць, каб я загрыміраваўся і ўзяў з сабой пабольш танцораў», — сказаў ён.

Музыкант прызнаўся, што ўсходнееўрапейскія калегі з ім не канкуруюць, а, наадварот, часта запрашаюць на свае канцэрты. Нарвежац асабліва ганарыцца прапановай Аляксандры Пахмутавай выканаць з ёю песню «Стары клён».

Пад канец мерапрыемства Рыбак сказаў, што яму вельмі падабаецца Беларусь, і ён хоча, каб сюды прыязджала ўся Еўропа. Для дасягнення гэтай мэты музыкант заклікаў журналістаў сказаць на тэлекамеру фразу: «Hello Europe. Welcome to Belarus».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула