БЕЛ Ł РУС

«У асобных відах спорту вынікі проста засмучальныя»

23.08.2012 / 11:41

Лукашэнка заклікаў прааналізаваць памылкі Алімпіяды, каб пазбегнуць іх паўтарэння.

Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра неабходнасць прызнаць дапушчаныя пры падрыхтоўцы спартсменаў і іх выступленні памылкі на Алімпіядзе ў Лондане, каб не паўтараць іх надалей.

«Наперадзе нас чакаюць Алімпіяды ў Сочы і Рыа-дэ-Жанейра. Трэба знайсці мужнасць прызнаць дапушчаныя памылкі, улічыць набыты досвед і настойліва, самааддана працаваць на вынік», — заявіў Лукашэнка ў чацвер у Мінску на сустрэчы з чэмпіёнамі і прызёрамі Летніх Алімпійскіх гульняў у Лондане.

Ён канстатаваў, што «некаторыя задачы, пастаўленыя перад нашай камандай, не былі выкананыя» [была пастаўлена задача заваяваць 25 медалёў, заваявалі 12 -- НН]. «На жаль, не ўсе здолелі справіцца з напругай, настроіцца на перамогу ў цвёрдым супрацьстаянні з супернікам.

Што граху таіць, некаторыя наогул не былі гатовыя выступаць на алімпійскіх спаборніцтвах», — падкрэсліў А.Лукашэнка.
«У параўнанні з папярэднімі алімпіядамі ў медальным заліку мы скаціліся ўніз. У асобных відах спорту вынікі проста засмучальныя»,
— адзначыў Лукашэнка.
«Усё гэта стане прадметам для асобнай сур’ёзнай размовы пасля дэталёвага аналізу вынікаў выступлення нашых алімпійцаў», — сказаў ён.

Разам з тым Лукашэнка падзякаваў чэмпіёнам і прызёрам Алімпіяды за тое, што «Беларусь у Лондане была прадстаўлена на самым высокім узроўні». «Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, часам сумніўнага судзейства, прадузятага стаўлення з боку асобных міжнародных спартыўных чыноўнікаў, вы, тым не менш, праявілі высокае прафесійнае майстэрства і, вядома ж, волю да перамогі», — сказаў Лукашэнка.

У прыватнасці, ён адзначыў паспяховае выступленне стрэлка Сяргея Мартынава, тэнісістаў Вікторыі Азаранка і Максіма Мірнага і плыўчыхі Аляксандры Герасімені.
Таксама А.Лукашэнка падзякаваў за плённую працу трэнерскаму складу, усіх, хто прывёў спартсменаў да трыумфу.

Акрамя таго, Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды спартсменам і трэнерам за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на Алімпіядзе ў Лондане і вялікі асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула