БЕЛ Ł РУС

У школах Мінска адменяць пачатковую прафпадрыхтоўку

23.08.2012 / 18:32

Колькасць ахвотных атрымаць такую адукацыю зніжаецца.

Пачатковую прафесійную працоўную падрыхтоўку ў мінскіх школах плануецца выключыць. Такую магчымасць абмеркавалі сёння на нарадзе ў Мінгарвыканкаме.

Старшыня камітэта па адукацыі гарвыканкама Уладзімір Шчэрба адзначыў, што сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі з’яўляецца для Мінска асноўным пастаўшчыком рабочых кадраў. Але

апошнія гады колькасць жадаючых атрымаць такую адукацыю зніжаецца.
Гэта звязана са скарачэннем колькасці школьнікаў, а таксама з тым, што за апошнія 15 гадоў план прыёму ў ВНУ павялічыўся на 15 працэнтаў. «А гэта значыць, што патокі абітурыентаў у сярэднія навучальныя ўстановы скарачаюцца ў такіх жа аб’ёмах», — падкрэсліў Уладзімір Шчэрба.

У сваю чаргу старшыня мэрыі Мікалай Ладуцька прапанаваў змагацца з такой сітуацыяй у сістэме адукацыі з дапамогай скасавання пачатковай прафесійнай працоўнай падрыхтоўкі — урокаў ВВК.

«Трэба выбудаваць сістэму „школа-каледж-работа або ВНУ“. Навошта нам у школах ВВК? Няхай прафесійна рыхтуюць у каледжах», —
сказаў ён.

Акрамя таго, плануецца зрабіць больш строгімі ўмовы паступлення ў ВНУ. Аднымі з практычных крокаў павінны стаць павышэнне мінімальнага бала па выніках цэнтралізаванага тэсціравання з 7 да 10–15 балаў і скарачэнне набору ў ВНУ. Таксама ў час нарады было прапанавана праводзіць конкурсны набор у 10 клас, а таксама ўвесці ў школе пасаду прафарыентолага.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула