БЕЛ Ł РУС

Беларускі пасол у Бішкеку: Бакіеў быў фоташопам

28.08.2012 / 14:57

Пасол Беларусі ў Кыргызстане паабяцаў мітынгоўцам паведамляць, на якой стадыі знаходзіцца вырашэнне справы аб экстрадыцыі Бакіевых.

Пасол Беларусі ў Кыргызстане Віктар Дзенісенка сустрэўся з лідарамі грамадскіх аб’яднанняў «Айкол Ала-Тоа» і «Мекен шэітэры», што праводзяць мітынг каля будынка беларускага пасольства ў Бішкеку, і намеснікам міністра замежных спраў Кыргызстана Аскарам Бешымавым, які прыбыў на месца падзей.

Як паведамляе інфармагенцтва www.24.kg са спасылкай на сустаршыню «Мекен шэітэры» Арстанбека Сагындыкава, падчас сустрэчы Дзенісенка заявіў, што пасольства Беларусі цесна супрацоўнічае з МЗС Кыргызстана. «Было абяцана, што цяпер кожныя тры дні дыпламаты будуць сустракацца з Аскарам Бешымавым і праз яго паведамляць, на якой стадыі знаходзіцца вырашэнне справы па экстрадыцыі Бакіевых. Мы вырашылі ім даць час, усё роўна за адзін дзень Бакіевых не змогуць прывезці. Мітынгоўцы разыходзяцца», — расказаў грамадскі актывіст.

Трэба адзначыць, што чатыры дні таму пасол Беларусі ўжо сустракаўся з членамі «Айкол Ала-Тоа» і «Мекен шэітэры», якія мітынгавалі каля будынка пасольства. Тады Дзенісенка абверг інфармацыю аб знаходжанні Жаныбека Бакіева ў Беларусі.

«Ён запэўніваў нас, што фотаздымкі, распаўсюджаныя ў інтэрнэце, не больш як фоташоп», — сказаў журналістам Сагындыкаў.

Сёння, паводле яго слоў, да пратэстантаў на працягу трох гадзін ніхто не выходзіў. «Мітынгоўцы, раззлаваўшыся, закідалі камянямі будынак: разбілі шыбы будынка пасольства», — растлумачыў грамадскі актывіст учынкі ўдзельнікаў акцыі.

Як паведамлялася раней, раніцай 28 жніўня на пасольства Беларусі ў Бішкеку напад учынілі сваякі ахвяр дзяржаўнага перавароту 2010 года, якія патрабуюць экстрадыцыі з Мінска скінутага прэзідэнта Курманбека Бакіева і яго брата Жаныбека. Бакіевы абвінавачваюцца ва ўчыненні цяжкіх крымінальных злачынстваў. Удзельнікі акцыі патрабуюць спынення працы пасольства і разрыву дыпадносін з уладамі Беларусі, якія «хаваюць забойцаў». Мітынгоўцы патрабуюць, каб да іх выйшаў пасол.

Сёння ж раніцай у беларускае МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Кыргызстана.

«Ён катэгарычна папярэджаны аб недапушчальнасці правакацыйных дзеянняў, якія ставяць пад пагрозу дзейнасць дыпламатычнага прадстаўніцтва і яго супрацоўнікаў. Беларускі бок запатрабаваў забяспечыць надзейную ахову пасольства», — паведаміў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула