БЕЛ Ł РУС

Заснуў за рулём, перакуліўся і нават не прачнуўся: знайшлі жывым, спаў далей

29.08.2012 / 9:12

ДТЗ, што адбылося ў Кобрынскім раёне, не назавеш звычайным.

«Уначы ў дзяжурную частку патэлефанавалі відавочцы, — расказала Наталля Сахарчук, начальнік прэс-службы ДАІ Брэсцкай вобласці. — З іх словаў, на адной з мясцовых дарог адбылася аварыя. У кювеце яны заўважылі перакулены аўтамабіль, побач нікога не было. Узнікла здагадка, што ў выніку здарэння кіроўца загінуў або страціў прытомнасць».

«Калі на месца прыбылі супрацоўнікі ДАІ, яны сапраўды ўбачылі наступствы ДТЗ: у кювеце ўверх коламі ляжаў Volkswagen Passat, — паведаміла Наталля Сахарчук. —

З салона даносілася гучная музыка. Калі на аўтамабіль накіравалі святло, здалося, што ўнутры машыны нікога няма. Толькі адкрыўшы дзверы, інспектары ўбачылі, што кіроўца не схаваўся, а ляжаў і спаў. Пры гэтым ён быў прышпілены рэменем бяспекі».

Маладога чалавека даставілі на абследаванне ў медустанову.

«Агляд паказаў, што ён абсалютна не пацярпеў, ніводнай драпіны, — заўважылі ў Дзяржаўтаінспекцыі. —
Затое выявілася, што кіроўца п’яны: у крыві 2,1 праміле алкаголю».

Пазней інспектарам стала вядомая гісторыя, што папярэднічала аварыі: «Малады чалавек (1986 г.н.) не меў права кіраваць аўтамабілем: ён ніколі не атрымліваў пасведчання кіроўцы. Машыну не пытаючы ўзяў у брата (той і не падазраваў пра ўчынак сваяка) і паехаў катацца. Куды ён адправіўся, невядома. А па дарозе дадому не змог утрымаць аўтамабіль на праезнай частцы, магчыма, заснуў за рулём, пры гэтым цудам не пацярпеў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула