БЕЛ Ł РУС

Спявачка Мірэй Мацье паскардзілася на «ТВ Цэнтр»: адцэнзуравалі выказванне пра Pussy Riot

7.09.2012 / 9:53

Французская спявачка Мірэй Мацье, якая ўдзельнічала ў Маскве ў цырымоніі адкрыцця фестывалю «Спаская вежа», запэўнівае, што яе выступ у эфіры расійскага тэлеканала «ТВ Цэнтр» быў падвергнуты цэнзуры.

У Мацье спыталі, што яна як верніца думае пра акцыю Pussy Riot. Каталічка Мацье, з яе словаў, адказала: «Я думаю, што дзяўчаты не зусім усведамлялі, што яны робяць, бо царква — не месца для дэманстрацый. Можна дэманстраваць па-іншаму. Царква — месца для малітвы, і гэта блюзнерства».

У выкладзеным у інтэрнэт інтэрв’ю гэтыя яе словы былі забяспечаныя сінхронам: «Мне здаецца, яны шалёныя, я асуджаю іх дзеянні. Царква — не месца для такіх акцый. Царква заўсёды была і будзе месцам, куды людзі прыходзяць па святло, па ачышчэнне душы. Гэта святое месца, якое трэба паважаць, тым больш рускія цэрквы, у іх адчуваецца такая гарачнасць і стараннасць…»

Спявачка ж настойвае на тым, што далей яна сказала: «Але як жанчына, артыстка і хрысціянка я прашу прабачыць гэтых трох маладых дзяўчат».

У сераду журналісты AFP звязаліся з калегамі з «ТВ Цэнтра». Карэспандэнт канала Уладзіслаў Шакаян запэўніў іх, што інтэрв’ю не ўтрымлівала словаў пра прабачэнне.

У чацвер у гутарцы з журналістамі Le Figaro той жа прадстаўнік канала прызнаў, што фраза была, але яе вычысціла з запісу «маладая журналістка», якая будзе за гэта адхіленая ад эфіру. Запіс быў знойдзены, ідэнтыфікаваны і неўзабаве выйдзе ў поўным выглядзе.

На сайце «ТВ Цэнтра» словы пра «прабачэнне» так і не з’явіліся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула