БЕЛ Ł РУС

Паралімпіец Ігар Бокій разглядае магчымасць пераходу ў звычайны спорт

13.09.2012 / 9:24

«З трэнерам мы не ставілі нейкія медальныя планы, проста працавалі на вынік».

Пяціразовы чэмпіён Паралімпіяды ў Лондане 18-гадовы беларускі плывец Ігар Бокій разглядае магчымасць пераходу ў звычайны спорт. Пра гэта спартсмен заявіў 12 верасня пасля вяртання ў Мінск.

«Так, я сапраўды падумваю пра выступленне ў звычайным спорце. Мне трэба для гэтага больш трэніравацца і поўнасцю аддавацца плаванню. Лічу, гэта рэальна. Чаму я задумваюся пра пераход у звычайны спорт? На мой погляд, не трэба спыняцца на дасягнутым», — сказаў атлет.

Бокій адзначыў, што паказаў у Лондане «максімальны вынік, на які быў гатовы». Паводле слоў плыўца, узровень паралімпійскіх спаборніцтваў па плаванні быў даволі высокі.

«Прызнацца, не чакаў, што заваюю такую колькасць узнагарод. З трэнерам мы не ставілі нейкія медальныя планы, проста працавалі на вынік.

На Гульнях я змагаўся на кожнай дыстанцыі. На шчасце, атрымалася дамагчыся такога поспеху. Я не магу вылучыць нейкі адзін медаль, яны ўсе для мяне дарагія», — сказаў Бокій.

У СМІ Бокія пасля яго поспеху ў Лондане пачалі параўноўваць з легендарным амерыканскім плыўцом Майклам Фэлпсам.

Беларус у сувязі з гэтым адзначыў: «Вядома, прыемна такое параўнанне. Зараз будуць імкнуцца перасягнуць Фелпса».

На летніх Паралімпійскіх гульнях у Лондане беларускія спартсмены заваявалі 10 медалёў: пяць залатых, два сярэбраныя і тры бронзавыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула