БЕЛ Ł РУС

Літва збіраецца правесці парламенцкае расследаванне па справе Бяляцкага

17.09.2012 / 10:30

Дырэктар Фонду грамадзянскай абароны, удзельнік Літоўскай Хельсінкскай групы Стасіс Каўшыніс звярнуўся да старшыні камітэта Сейма па замежных справах Эмануэліса Зінгерыса і міністра замежных спраў Аўдронюса Ажубаліса з просьбай пачаць парламенцкае расследаванне ў сувязі з дзеяннямі Міністэрства юстыцыі.

На думку Каўшыніса, год назад, калі пачаўся скандал з-за здадзеных Беларусі рахункаў кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, Мінюст не змог належным чынам аспрэчыць дадзеную ім раней Беларусі інфармацыю, піша Lietuvos rytas.

Калі высветлілася, што перададзеныя Літвой па хадайніцтве аб прававой дапамозе дадзеныя сталі падставай для арышту Бяляцкага, віцэ-міністр юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус адправіў ліст Мінюсту Беларусі.

«Паведамляем, што прадстаўленая намі інфармацыя ненадзейная», — пісалася ў лісце, з указаннем, калі былі адпраўленыя два лісты са згаданай інфармацыяй. Член Хельсінкскай групы лічыць, што чыноўнікі, якія адправілі ліст, не паклапаціліся пра тое, каб дакумент меў юрыдычную сілу ў беларускім судзе.

Па словах віцэ-міністра Т.Вайткявічуса, у Літве суд прыняў бы пад увагу такі ліст.

«Ліст пісалі спецыялісты рабочай групы з МЗС і МУС. У гэтай групе удзельнічаў і я. Аб фармулёўцы казалі даволі доўга. Была мэта — стварыць умовы, каб гэтым дакументам скарысталіся ў судзе. Вырашылі, што дастаткова напісаць так. Больш шырокі каментар, з улікам усіх абставінаў, не лічыўся абавязковым», — пракаментаваў ліст Т.Вайткявічус.

«У нашай краіне, калі б суд атрымаў такі ліст, пазіцыя была б зусім іншай. Але тое, што адбываецца з гэтай справай у Беларусі, не падобна на звычайны стандарт правасуддзя», — дадаў прадстаўнік Мінюста.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула