БЕЛ Ł РУС

Сяргей Каваленка памілаваны і выйшаў на свабоду

27.09.2012 / 8:21

Вязня выпусцілі з магілёўскай калоніі 26 верасня каля 20:00 і пасадзілі на цягнік да Віцебска.

Як паведаміла Алена Каваленка, Сяргей пазваніў ёй каля 21 гадзіны 26 верасня з магілёўскага вакзала і паведаміў, што зараз супрацоўнікі адміністрацыі калоніі пасадзяць яго на цягнік Кіеў — Санкт-Пецярбург, і ён адправіцца дадому.

У Віцебску на вакзале сваякі Каваленкі сустрэлі яго прыкладна ў 24 гадзіны.
Прычым гэта сустрэча праходзіла пад назіраннем вялікай колькасці работнікаў праваахоўных органаў у цывільным, многіх з якіх сям’я Каваленкі ведае ў твар.

Дома Каваленка паведаміў, што чакаў вызвалення ў хуткім часе разам з Паўлам Сырамолатавым, які быў асуджаны за спробу падпалу будынка КДБ у Бабруйску і які, як і Каваленка, пісаў прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы.

Нейкі час таму Каваленку і Сырамолатава перавялі ў асобнае памяшканне калоніі, дзе яны і чакалі вызвалення.

Нагадаем, Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года па абвінавачанні ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Размова ідзе пра пакаранне, якое было вынесена апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска.

У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Адразу пасля затрымання ён аб’явіў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі каля 2 месяцаў.
«Ён вельмі хоча быць са сваёй сям’ёй, займацца выхаваннем сына. Ён бачыць, што час ідзе, а сын расце без яго», — сказала Алена, зазначыўшы, што падчас спаткання сын быў рады бачыць бацьку, а дачка яго не пазнала.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула